Дэпутат літоўскага Сейма Томас Тамілінас стаў сімвалічным хросным палітвязня Артура Голубева, які знаходзіцца ў калоніі №2 Бабруйска.
“Галоўная мэта майго рашэння стаць “хросным” у межах кампаніі #WeStandBYyou – гэта праявіць салідарнасць з людзьмі, якія змагаюцца за нашы каштоўнасці і ведаюць, што дэмакратыя – гэта не дадзенасць ад прыроды, а арыенцір, да якога мы заўсёды павінны імкнуцца. Як дэпутат парламента, я працую ў групе, якая падтрымлівае дэмакратычную Беларусь, і дапамагаць – гэта мой абавязак” – цытуе Праваабарончы цэнтр “Вясна” літоўскага дэпутата, які таксама з’яўляецца сузаснавальнікам дэмакратычнага саюза “За Літву”.
Мінчук Артур Голубеў быў затрыманы 11 чэрвеня 2023 года і змешчаны ў ІЧУ Мінска. Яму прызначылі 12 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля адбыцця якіх ён на волю не выйшаў. Супраць яго распачалі крымінальную справу.
Суд Маскоўскага раёна Мінска 15 лістапада 2023 года асудзіў Голубева паводле артыкулаў аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; гвалце альбо пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак; абразе беларускага дыктатара і абразе прадстаўніка ўлады. Палітвязню прысудзілі чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. 2 лютага 2024 года Артура Голубева запісалі ў “спіс экстрэмістаў”.
Зараз адбывае пакаранне ў Папраўчай калоніі №2 Бабруйска.
Фотаздымак: ПЦ “Вясна”.
