Усяго паўтара года выпраўленчых работ атрымаў нячысты на руку трактарыст, што скраў маёмасць двох працадаўцаў.
У Быхаўскім раёне было вырашана правесці выяздны суд над трактарыстам, які на працягу не аднаго года краў ці то ўгнаенні, ці то запчасткі ў сваіх працадаўцаў. Быхаўскія суддзі вырашылі, што судовае пасяджэнне варта правесці бліжэй да месца жыхарства падсуднага, куды лёгка можна было б абавязаць прыйсці яго аднавяскоўцаў і калег.
“Правядзенне такіх судовых пасяджэнняў мае важнае прафілактычнае значэнне, паколькі дазваляе на канкрэтным прыкладзе паказаць наступствы здзяйснення злачынства не толькі ўдзельнікам працэсу, але і шырокаму колу грамадзян, звярнуць увагу на неабходнасць выканання закона і папярэдзіць здзяйсненне новых злачынстваў” – гаворыцца ў паведамленні на сайце Вярхоўнага суда.
Праўда, калі прыглядзецца да злачынства і панесенага злачынцам пакарання, то, магчыма, эфект ад такога судовага пасяджэння стаў цалкам процілеглым, ці, нават падахвочваючым да крадзяжоў.
Згодна матэрыялаў справы, трактарыст з сакавіка 2023 года па май 2024 года працаваў у фермерскай гаспадарцы. Адтуль ён пакрысе выкрадаў са складскога памяшкання ёмістасці з угнаеннямі, гербіцыдамі і пестыцыдамі. Усяго скраў восем каністраў з хімікатамі, прычыніўшы шкоду фермерскай гаспадарцы на суму звыш 2 тысяч рублёў.
Потым злачынец працаваў па дамове падраду ў іншым сельгаспрадпрыемстве. Адтуль выкрадаў прыгодныя дэталі са спісанай тэхнікі, якая знаходзілася на машынным двары. Там увогуле урон склаў больш за 5 тысяч рублёў. Усё запчасткі былі знойдзены ў яго на дачы і дома.
Падаецца, што раскрадальніку свяціла самае малае – хатняя хімія, аднак суд вырашыў інакш – 1 год і 6 месяцаў выпраўленчых работ з утрыманнем 15% заробка, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
