У Доме культуры аграгарадка Сласцёны рабочая група Магілёўскага аблвыканкама тлумачыла жыхарам Чавускага раёна, што зменіцца, калі частка іх тэрыторыі адыдзе Дрыбінскаму. Пытанні людзі даслалі загадзя: школа, медыцынскае абслугоўванне, аўтобусы, дарогі, крама.
Адказваць прыехалі старшыня абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандр Гарошкін, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі і Кацярына Музычэнка, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі.
Яна і адкрыла прадметную частку сустрэчы ў Сласцёнах. Паабяцала не дапусціць пагаршэння ўмоў жыцця, а наадварот палепшыць іх.
Вось толькі ведамства Музычэнка не будуе дарогу, не адкрывае стаўку ўрача і не дадае аўтобусны рэйс. Адзіны інструмент, якім яно валодае – аповед. Так што абяцанне зрабіць лепш у гэтым выкананні азначае: пра паляпшэнне раскажуць, нават калі яго не будзе.
Асобнай увагі заслугоўвае адказ пра неадкладную дапамогу. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Наталля Вежнавец адкрыла Амерыку, паведаміўшы, што дапамога будзе працаваць праз цэнтралізаваную службу і на выклік накіруюць найбліжэйшую свабодную брыгаду.
Увесь сыр-бор разгарэўся з-за таго, што Дрыбінскі раён збіраюцца пашыраць за кошт Чавускага і на Дрыбіншчыну пераязджае перш за ўсё зямля – дваццаць тысяч гектараў пад новыя гаспадаркі. 960 чалавек, якія жывуць на ёй, ідуць дадаткам.
Магілёўскае начальства прыбыло ў Сласцёны для таго, каб гарантаваць ім школу, фельчара, аўталаўку і аўтобус, гэта значыць тое, што ў іх ёсць і цяпер.
Салодкага жыцця Сласцёнам не абяцаюць, а прыезд вялікага начальства не супакойвае, а насцярожвае.
У Беларусі яно ж так: калі чыноўнікі загаварылі, што горш ужо не будзе – чакай бяды.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.
