Раніцай 25 жніўня у вёсцы Гуслянка Магілёўскага раёна 18-гадовы кіроўца Peugeot не справіўся з кіраваннем на вуліцы Савецкай, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Траўмы атрымала 16-гадовая пасажырка, ДАІ праводзіць праверку.
У машыне, паводле зводкі УУС аблвыканкама, ехала кампанія падлеткаў з пяці чалавек – разам з кіроўцам шасцёра. Асобным пунктам Дзяржаўтаінспекцыя нагадала, што перавозіць пасажыраў звыш колькасці месцаў, устаноўленых канструкцыяй транспартнага сродку, забаронена, а прышпіленыя павінны быць усе, хто знаходзіцца ў салоне. Колькі месцаў было ў перакуленай машыне, у паведамленні не сказана.
Дата супала з пачаткам кампаніі.
З 25 жніўня па 5 верасня на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, як і па ўсёй краіне, праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!»: кіроўцы абавязаныя ўдзень рухацца з блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі, інспектары абяцалі асобна сачыць, як перавозяць дзяцей. На 28 жніўня прызначаны Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Першы і галоўны ўрок – бяспека!». Паводле даных МУС, з пачатку 2026 года на дарогах Беларусі загінулі 16 непаўналетніх, яшчэ 245 атрымалі траўмы.
За тыдзень да аварыі прафілактыка ішла ў тым жа раёне адрасна: з 17 па 21 жніўня у Магілёве і Магілёўскім раёне праходзіла акцыя «Дзіця – галоўны пасажыр!» – ДАІ заклікала дарослых больш уважліва ставіцца да дзяцей у салоне і выключыць рызыкоўныя манеўры.
Як уладкаваная гэтая прафілактыка ў дзяржаўных СМІ, відаць па лёсе самой зводкі. Праз дзве гадзіны пасля міліцэйскага допісу яе слова ў слова перадрукаваў сайт краснапольскай раёнкі «Чырвоны сцяг». Пры такой хуткасці падачы гарачых навін не абышлося без накладак. У загалоўку кіроўца памаладзеў на дзесяць гадоў: «8-летний водитель не справился с управлением: машина опрокинулась».
Фота «Міліцыя Магілёўшчыны», раённая газета «Чырвоны сцяг».
