Жыхар Мсціслаўскага раёна страляў з пнеўматыкі па людзях і аўтамабілях – атрымаў пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Навагодні дзень 31 снежня 2025 года для 32-гадовага жыхара Мсціслаўскага раёна адзначыўся серыяй п’яных стрэлаў. Пнеўматычны газабалонны пісталет «Stalker S92ME» ён набыў на тэрыторыі, як піша пракуратура, суседняй дзяржавы. Суседняя дзяржава, якую праваахоўнікі ніколі не хочуць называць – Расія.
Ужо раніцай, будучы п’яным, ён выкарыстаў новую пакупку ў маршрутцы: восем разоў стрэліў у свайго калегу. Той атрымаў цялесныя пашкоджанні. Маршрутка таксама калясіла па тэрыторыі Расіі, хоць пра гэта і не піша пракуратура.
Пасля вяртання ў Беларусь страляніна працягнулася. Увечары ў Магілёўскім раёне мужчына выйшаў на балкон кватэры знаёмага і шэсць разоў стрэліў па двух аўтамабілях на паркоўцы. Іх уладальнікам нанесена шкода больш чым на 1,5 тыс. рублёў. Але і аўтамабілямі справа не скончылася. У кватэры калегі стралок пацэліў з пнеўматыкі ў нагу яго маці, таксама прычыніўшы жанчыне цялесныя пашкоджанні.
У судзе мужчына цалкам прызнаў віну і заявіў, што раскайваецца.
Суд Чэрыкаўскага раёна прызнаў яго вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, у тым ліку паўторным, і прысудзіў пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя турэмнага тэрміну, мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Суд таксама пастанавіў спагнаць на карысць аднаго з пацярпелых 1,3 тыс. рублёў матэрыяльнай шкоды і яшчэ 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд пакуль не набыў законную моц.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
