У Асіповіцкім райвыканкаме прайшло навучанне членаў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання – стараст, дамавых і вулічных камітэтаў.
Вёў занятак старшыня раённага савета “дэпутатаў” Уладзімір Рыжанкоў. Ён пачаў з супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, а скончыў узмацненнем барацьбы з інвазіўнымі раслінамі.
За восем месяцаў у раёне 37 кіберзлачынстваў супраць 44 за той жа перыяд мінулага года, затое цяжкіх і асабліва цяжкіх стала сем замест двух.
Выснова, якая прагучала на занятку, слушная: галоўная абарона – не антывірус і не складаны пароль, а ўменне своечасова распазнаць небяспеку і звярнуцца ў міліцыю. Пасля чаго прысутныя перайшлі да інвазіўных раслін.
Падобная сітуацыя была ў Чарапахі Квазі ў «Алісе ў Краіне цудаў». Там пранне стаяла ў школьным рахунку асобным радком – побач з французскай мовай і музыкай.
У Квазі грошай на поўнае навучанне не знайшлося, і пранне засталося няпройдзеным прадметам.
Асіповіцкім старастам поўны і бясплатны курс выдалі за адзін занятак.
А навошта дзяліць на асобныя прадметы? Не Англія ж.
Фота раённай газеты.
