Жыхар Глуска Аркадзь Акуліч стаў студэнтам ВНУ ў расійскім Смаленску, дзякуючы злачыннай схеме, і як яе ўдзельнік асуджаны на вялізны штраф.
Стыпендыяльная схема
Ініцыятарам схемы, паводле матэрыялаў справы, стаў даўні знаёмы Акуліча – на той момант прарэктар Смаленскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён прапанаваў беларусу, які не меў вышэйшай адукацыі, паступіць на спецыяльнасць «Тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі».
Умовы былі простымі: хадзіць на заняткі, здаваць экзамены і плаціць за навучанне не патрабавалася. Ад Акуліча чакалі толькі дакументаў і банкаўскай карткі, на якую павінны былі паступаць стыпендыя і іншыя выплаты.
У жніўні 2021 года беларуса афіцыйна залічылі на першы курс дзённага бюджэтнага аддзялення. Ён атрымаў картку «Сбербанка» і перадаў яе супрацоўніцы акадэміі разам з PIN-кодам. Калі картку пазней згубілі, Акуліч без праблем аформіў новую і зноў аддаў яе той жа жанчыне.
Акадэмічная ўзаемадапамога
За паўтара года на імя Акуліча акадэмія налічыла ў пераліку каля 1060 долараў у выглядзе стыпендыі і матэрыяльнай дапамогі. Усе гэтыя грошы суд палічыў хабарным узнагароджаннем. Сам «студэнт» у акадэміі фактычна не з’яўляўся. А станоўчыя адзнакі ў яго ведамасці з’яўляліся без яго ўдзелу.
Схема, як высветлілася, была патрэбная не толькі Акулічу. Акадэміі патрабавалася запаўняць бюджэтныя месцы, якія заставаліся незапатрабаванымі. Такім чынам закрывалі кантрольныя лічбы прыёму на асобныя спецыяльнасці.
Паводле паказанняў супрацоўніцы ўстановы, фіктыўных студэнтаў такім чынам набіралі з 2018 года. Ад іх патрабавалася фактычна толькі адно – з’явіцца на дзяржаўным экзамене і абароне дыплома.
З матэрыялаў праслухоўвання тэлефонных размоў вынікае, што Акуліч спрабаваў арганізаваць такім жа чынам паступленне і для свайго сына. У чэрвені 2021 года ён высвятляў у супрацоўніцы акадэміі, як гэта можна зрабіць. Але з сынам схема, відаць, не спрацавала.
Аркадзь Акуліч да дыплома так і не дайшоў. У Расіі яго судзілі і прызналі вінаватым у дачы хабару і прысудзілі штраф у 200 тыс. расійскіх рублёў (прыкладна 2600 долараў).
Фотаздымак: Наша ніва
