Ураджэнец Магілёўшчыны, гісторык, прафесар і «дэпутат» палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк разам са старшынёй гарвыканкама Сяргеем Чартковым нядаўна адкрываў на плошчы Славы мемарыяльную дошку магілёўскаму губернатару Аляксандру Дэмбавецкаму.
Прафесара не збянтэжыла тое, што агульнавядомая дата смерці Дэмбавецкага на дошцы напісана з прыстаўкай “каля”.
Праз два дні той жа Марзалюк у праекце БЕЛТА «Настоящая история» тлумачыў, чаму польскі рэжым у Заходняй Беларусі быў таталітарным.
Доказы гісторык выбудаваў шчыльна:
- закон ад 14 лютага 1928 года, які дазваляў ужываць зброю пры разгоне шэсцяў і дэманстрацый;
- канцлагер у Бярозе-Картузскай;
- выцясненне беларусаў з выбарнай палітыкі – адзінаццаць дэпутатаў сейма з 444 у 1922 годзе і ніводнага ў 1935 і 1938 гадах.
Галоўны аргумент – выбарчы цэнз польскай Канстытуцыі 1935 года. Выбіраць і быць абранымі, паводле слоў Марзалюка, маглі толькі тыя, хто меў «вышэйшую альбо сярэднюю спецыяльную адукацыю, альбо афіцэрскае званне», і тыя, хто займаў кіруючыя пасады ў дзяржаўным апараце. Унутр гэтага пераліку гісторык уставіў асобную рэмарку: «удумайцеся». Сяляне і рабочыя выбарчага права не мелі.
Рэмарка дарэчная. Цэнз – гэта калі закон дзеліць грамадзян на тых, каму ва ўладу можна, і тых, каму нельга, паводле адукацыі, чыну або пасады. Бяда ў тым, што вызначэнне падыходзіць не толькі да Польшчы 1935 года, але і апісвае цяперашнюю Беларусь.
Вышэйшым прадстаўнічым органам у Беларусі з 2023 года абвешчаны Усебеларускі “народны” сход.
Паводле закона аб УНС дэлегатамі там становяцца паводле займаемай пасады: прэм’ер-міністр і члены ўрада, старшыні абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў, суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, «дэпутаты» абедзвюх палат.
Гэта акурат тая формула, якую Марзалюк зачытвае як прыкмету таталітарызму – кіруючыя пасады ў дзяржаўным апараце.
Далей па спісе. Прэтэндаваць на вышэйшую дзяржаўную пасаду можа грамадзянін не маладзейшы за 40 гадоў, які пражыў у краіне апошнія 20 гадоў і ніколі не меў віду на жыхарства іншай дзяржавы. Гэта адсякае ўсіх, хто хаця б вучыўся або працаваў за мяжой.
Кандыдатам у «дэпутаты» не можа стаць чалавек з непагашанай судзімасцю – у краіне, дзе прысуды па «экстрэмісцкіх» артыкулах сталі масавай з’явай. Вылучаць сваіх кандыдатаў маюць права толькі тыя чатыры кішэнныя партыі, што перажылі перарэгістрацыю 2023 года, і толькі з ліку ўласных членаў.
Да таго ж бальшавіцкі таталітарызм, як і расійскі імперыялізм, яшчэ ніхто не пераплюнуў.
І апошняе – менавіта Польшча з усімі яе недахопамі дапамагла выбіцца ў людзі самому Марзалюку.
Фота БелТА.
