Жывапісная сажалка на вуліцы Першамайскай, за вакзалам, недалёка ад прафліцэя №9 і дзіцячай калоніі перасохла – паведамляюць чытачы mogilev.media. Гэта адзін з нешматлікіх упарадкаваных вадаёмаў у паўночнай частцы Магілёва і любімае месца для шпацыру ў мясцовых жыхароў. Яна напаўняецца пераважна дажджавой і паводкавай вадой, але звычайна яна трымае хаця б мінімальны ўзровень. Сама сажалка безыменная, але на інтэрнэт-мапах ёй ужо паспелі даць пару жартоўных найменняў. Так, на Google-мапе тут пазначаны “Карабель-гатэль імя Андрэя Сахарава”, а ў Яндэкс-мапах тут стаіць “Трудкалоніеўская сажалка”. У апошнім выпадку, напэўна, сказалася блізкасць да турмы для малалетак, што размяшчаецца крыху далей па Першамайскай.



