Трыццаціаднагадовы трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства ў Чэрыкаўскім раёне з лютага па жнівень 2025 года зліваў шлангам у палімерныя каністры дызельнае паліва з бака замацаванага за ім «Беларус-3522». Набралася больш за 5,3 тоны, шкода гаспадарцы перавысіла 12,7 тысячы рублёў. Суд Чэрыкаўскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд паводле часткі 3 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса – прысваенне маёмасці ў буйным памеры.
У пракурорскім паведамленні ёсць шланг і каністры, але няма галоўнага механізму. Ён быў апісаны годам раней, калі міліцыя абвясціла пра распачынанне справы: механізатар паўгода сістэматычна ўносіў у пуцявыя лісты ілжывыя звесткі, а афарбаванае паліва з бака зліваў, частку выкарыстоўваў сам, частку прадаваў знаёмым.
То бок улік у гаспадарцы быў. Кожную змену трактарыст здаваў паперу з лічбамі расходу, і паўгода запар гэтыя лічбы ніхто не звяраў ні з запраўкамі, ні з рэшткамі ў баку.
Гаспадарку пракуратура не назвала. У Чэрыкаўскім раёне іх тры: КСУП «Езерский», ААТ «Чериков Агро» і КСУП «Агрокомплекс «Светлый».
Пакаранне суд прызначыў такое:
- абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады 6 месяцаў;
- штраф 100 базавых велічынь – 4,5 тысячы рублёў;
- канфіскацыя ў даход дзяржавы трох каністраў як сродкаў здзяйснення злачынства.
Віну трактарыст прызнаў, шкоду кампенсаваў цалкам. Прысуд у законную сілу не ўступіў.
Пасяджэнне зрабілі выязным, проста ў сельгасарганізацыі, а пасля яго дзяржаўны абвінаваўца выступіла перад працоўным калектывам і расказала пра наступствы злачынстваў супраць інтарэсаў службы.
Паўгода гаспадарка падшывала ўласныя пуцявыя лісты і не чытала, што ў іх напісана. Цяпер работнікам растлумачылі, што красці нельга.
У беларускім кантэксце варта дадаць агаворку: калі ў цябе для гэтага няма паўнамоцтваў.
Фота скрыншот відэа МУС Беларусі.
