Прапанову ажаніцца бабруйскі ратавальнік зрабіў сваёй дзяўчыне, “выратаваўшы” яе ад пажара ў дзіцячым садку.
Выхавацельніца дзіцячага садка №60 Дар’я Курко толькі вярнулася з адпачынку і 1 верасня праводзіла для дзяцей заняткі па пажарнай бяспецы. Расказвала, як паводзіць сябе пры задымленні, чым прыкрываць нос і рот і чаму не трэба палохацца пажарнай сігналізацыі, бо ратавальнікі, маўляў, прыедуць хутка.
І тут сігналізацыя сапраўды спрацавала. Дзяцей і супрацоўнікаў вывелі на вуліцу, праверылі, ці ўсе на месцы. А Дар’і прапанавалі выканаць ролю пацярпелай і застацца ў памяшканні, якое арганізатары вучэнняў ужо паспелі запоўніць дымам.
Паводле сцэнару, у будынку заставаўся адзін чалавек. Ратавальнікі працягнулі пажарныя рукавы па калідорах і менш чым за хвіліну знайшлі «пацярпелую». Дар’ю ў выратавальнай масцы вынеслі на вуліцу.
А далей вучэнні пайшлі не па тыповым сцэнары. Ратавальнік, які вынес выхавацельніцу з «задымленага» садка, зняў маску, стаў на калена і прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Пад экіпіроўкай хаваўся яе хлопец – інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Максім Баранаў.
Пасля некалькіх секунд разгубленасці Дар’я адказала «так». Максім надзеў ёй заручальны пярсцёнак і ўручыў кветкі.
Сам ратавальнік расказаў, што і без таго збіраўся неўзабаве зрабіць прапанову. А 1 верасня палічыў асабліва прыдатнай датай, бо яго дзяўчына працуе педагогам.
Для Дар’і ж дзень атрымаўся з падвойным сюрпрызам: спачатку яе нечакана прызначылі «пацярпелай» на вучэннях, а праз некалькі хвілін яна стала нявестай.
Фотаздымак: МНС РБ
