табурэтка

Два прысуды, адзін табурэт: у Крычаўскім раёне пенсіянера другі раз асудзілі за катаванне сужыцелькі

Пракуратура Крычаўскага раёна падтрымала абвінавачанне па справе мясцовага пенсіянера, які з лістапада 2023-га па май 2026 года сістэматычна збіваў 70-гадовую сужыцельку.
П’яныя скандалы пераходзілі ў пабоі – удары кулакамі па галаве і целе, у адзін з дзён у ход пайшоў табурэт. Суд Крычаўскага раёна прызначыў паўтара года пазбаўлення волі. Падрабязнасці паведаміла старшы памочнік пракурора раёна.
Галоўнае ў гэтым паведамленні – не табурэт. За тое самае, катаванне той жа жанчыны, мужчына ўжо быў асуджаны. Якое пакаранне ён атрымаў тады і калі менавіта, пракуратура не ўдакладняе. Сказана толькі, што «належных высноў для сябе ён не зрабіў» – то бок адбыў першы прысуд і вярнуўся ў той жа дом, да той жа сужыцелькі. А можа, і ўвогуле яго не пакідаў?
Фармальна кожнае звяно спрацавала, прычым двойчы. Першы раз – міліцыя, пракурор, суд, прысуд. Другі – усё тое самае, плюс два дыягназы: «расстройства личности и поведения вследствие употребления алкоголя» і «синдром зависимости от алкоголя».
Такія заключэнні не з’яўляюцца ў прысудзе з паветра: чалавек альбо стаяў на ўліку ў нарколага, альбо праходзіў экспертызу яшчэ па першай справе. Пра яго ведалі ўсе, каму трэба было ведаць. Жанчыну пры гэтым збівалі два з паловай гады.
Вынік другога заходу – паўтара года пазбаўлення волі і прымусовыя меры бяспекі і лячэння.
Праз паўтара года мужчына выйдзе і вернецца туды ж, адкуль яго забралі. Прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў беларускай калоніі добра кладзецца ў справаздачу, але хранічную залежнасць за такі тэрмін не здымае.
Як выглядае першы прысуд у такіх выпадках, тая ж пракуратура паказвала год таму: у 2024 годзе суд Крычаўскага раёна даў 40-гадоваму крычаўляніну год пазбаўлення волі за менш цяжкае цялеснае пашкоджанне – з адтэрміноўкай выканання на год. У красавіку 2025-га, не дачакаўшыся заканчэння адтэрміноўкі, ён зламаў знаёмаму сківіцу ў пад’ездзе і атрымаў тыя ж паўтара года агульнага рэжыму.
Сістэма адпрацавала двойчы – і абодва разы без збояў. Жанчыну, мяркуючы па тым жа паведамленні, гэта не абараніла ні разу.

Фота ілюстрацыйнага характару.

← Усе навіны Магілёва