ДТЗ

На вуліцы Крупскай у Магілёве зноў ДТЗ з падлеткам на ровары

Раніцай 4 верасня на скрыжаванні вуліц Крупскай і Бялінскага ў Магілёве 34-гадовая кіроўца Opel пры павароце налева збіла 10-гадовага школьніка на веласіпедзе. Дзіця з траўмамі ў бальніцы. У паведамленні ДАІ вінаваты пазначаны адразу: хлопчык «не спешыўся з веласіпеда пры перасячэнні праезнай часткі». Далей – напамін, што дзецям да 14 гадоў забаронена выязджаць на дарогу без дарослых, а бацькам варта асабіста кантраляваць маршруты.
На здымках, якія ДАІ прыклала да допісу, веласіпед ляжыць побач з зялёнай паласой, пракладзенай праз зебру – так у Беларусі пазначаюць велапераезд, а ля краю тратуара стаіць знак «веласіпедная дарожка».
Слова «велапераезд» у паведамленні няма. Фармальна інспекцыя мае рацыю: з 1 верасня 2025 года новая рэдакцыя ПДР абавязвае веласіпедыстаў спешвацца на ўсіх пераходах, уключаючы размечаныя велапераезды, калі побач няма веласветлафора або спецыяльнай шыльды. Ці ёсць яны на гэтым скрыжаванні, з паведамлення не зразумела. Але зялёная паласа праз дарогу для дзесяцігадовага дзіцяці выглядае як запрашэнне ехаць – горад яе для гэтага і маляваў.
Дзесяццю тыднямі раней, 24 чэрвеня, на той жа вуліцы Крупскай, на скрыжаванні з Мытнай, 30-гадовы кіроўца BMW збіў шасцігадовага хлопчыка, які разам з сябрамі ехаў на веласіпедзе па рэгуляваным пешаходным пераходзе. Тое дзіця таксама не спешылася – паводле правілаў павінна было. Але тады ДАІ нагадвала кіроўцам: зніжаць хуткасць перад пераходам, быць гранічна ўважлівымі. Ні слова пра 14 гадоў і бацькоўскі кантроль.
Розніца паміж двума выпадкамі – у манеўры. У чэрвені машына ехала прама праз пераход, і ў паведамленні вінаватым аказаўся кіроўца. У верасні машына паварочвала налева, то бок перасякала шлях таму, хто ўжо рухаўся па пераездзе – і вінаватым аказалася дзіця.
Пры павароце кіроўца абавязаны саступіць пешаходам і веласіпедыстам, якія перасякаюць праезную частку, незалежна ад таго, сядзяць яны ў сядле або ідуць пешшу. Пра гэты абавязак у вераснёўскім допісе няма ні радка.
Двое дзяцей на веласіпедах на адной вуліцы за адно лета – гэта ўжо не два здарэнні, а адна праблема вуліцы Крупскай. Пакуль што ведамства вырашае яе падборам вінаватага.

Фота “Міліцыя Магілёўшчыны”.

← Усе навіны Магілёва