ФСБ

Жыхар Бабруйска стаў кур’ерам махлярскага “ФСБ”

Махляры ўмела карыстаюцца палітычнымі рэаліямі Беларусі – застрашваюць людзей сувязямі з “тэрарыстамі” і “вярбуюць” у расійскія спецслужбы.

Гісторыі, якая адбылася з 21-гадовым бабруйчанінам, не магло быць, калі б у Беларусі панавала дэмакратыя, не было палітычнага пераследу, а расійская ФСБ ўспрымалася б тым, чым яна ёсць – замежнай спецслужбай, магчымая сувязь з якой адразу насцярожыла б кожнага звычайнага беларускага грамадзяніна. Аднак цяперашнія палітычныя рэаліі іншыя – у Беларусі пераслед іншадумства праз навешванне ярлыкоў “экстрэміст” і “тэрарыст”, а сама краіна стала гаўляйтарствам Расіі, і таму ў людзей расійскія спецслужбы не лічацца нечым чужародным.

Ад дамафона да “ФСБ”

Гісторыя пачалася 22 жніўня са звычайнага званка. Бабруйчаніну патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам кампаніі па замене дамафонаў. Для нейкай «працэдуры» спатрэбіўся код з СМС. Малады чалавек яго назваў.

Далей сцэнар стаў значна больш складаным. У Viber з бабруйчанінам звязалася жанчына, якая назвалася «супрацоўніцай па барацьбе з махлярствам з БелГЭС». Яна паведаміла цэлы набор трывожных навін: асабісты кабінет нібыта ўзламалі, на тэлефон усталявалі праслухоўванне, а зламыснікі ўжо завалодалі электроннымі копіямі пашпарта, подпісу, даведак пра даходы і нерухомасць, а таксама звесткамі пра банкаўскі рахунак.

Потым пачаўся сапраўдны тэлефонны «сілавы блок». Бабруйчаніна нібыта пераключалі на супрацоўнікаў неіснуючага БелГЭС, на Мінскае РУУС, нават на расійскую “ФСБ”.

Пасля такой апрацоўкі малады чалавек паверыў, што на яго ўжо аформілі крэдыт на 3 тыс. рублёў і спрабуюць узяць яшчэ тры мікрапазыкі. А каб заслужыць давер «спецслужб» і атрымаць іх дапамогу, яму прапанавалі папрацаваць інкасатарам.

Бабруйчанін пагадзіўся. Ён нават напісаў заявы аб неразгалошванні і «працаўладкаванні», сфатаграфаваў іх і адправіў сваім новым куратарам у месенджары.

Інкасатарская кар’ера

Ужо 25 жніўня пачалася «служба». Па загадзе махляроў хлопец прыехаў у Мінск, наведаў па двух адрасах пажылых жанчын і забраў у іх канверты з грашыма, павёз у Маскву, дзе перадаў нейкаму «калегу».

Наступнае заданне прывяло яго ў Мазыр да чарговай ахвяры тэлефоннай схемы. 56-гадовага мазыраніна тым часам пераконвалі, што яму неабходна даказаць адсутнасць сувязяў з нейкім замежным тэрарыстам. Для гэтага трэба было супрацоўнічаць з «дзяржаўнымі органамі». Мужчыну настойліва тэлефанавалі псеўдасупрацоўнікі БелГЭС, Камітэта дзяржаўнага кантролю і Следчага камітэта.

У выніку ён пагадзіўся перадаць нібыта для «дэкларавання і легалізацыі» 15 тыс. еўра і 11,9 тыс. долараў.

Па грошы прыехаў той самы 21-гадовы бабруйчанін, які ўжо лічыў сябе «інкасатарам ФСБ». Ён забраў валюту і зноў адвёз яе ў Маскву.

Пасля вяртання дадому куратары далі яму чарговае заданне – пайсці ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі і аформіць замену пашпарта. Там кар’ера “ФСБ” і затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Цяпер ён стаў фігурантам правы аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. 

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

← Усе навіны Магілёва