Калі верыць рэпартажу АНТ, у Горках некалькі падлеткаў рыхтаваліся напасці на першакласнікаў – з нажом, малатком і сякерай; рыхтаваў іх 17-гадовы расіянін, затрыманы летам у Дагестане, а напад спынілі супрацоўнікі МУС.
Менавіта так, чатырма сказамі без адзінай падрабязнасці, гэта прагучала ў эфіры 3 верасня.
Паміж кадрамі, дзе ахоўнік зазірае школьніку ў заплечнік, і лічбай 18: столькі забароненых прадметаў Дэпартамент аховы канфіскаваў у вучняў за першыя тры дні навучальнага года. Прадстаўнік ГУБАЗіК у тым жа сюжэце гаварыў пра дэструктыўныя паблікі, якімі кіруюць з-за мяжы. Пра Горкі ён не сказаў ні слова, гэтая частка прагучала закадравым тэкстам.
Горкі – наша вобласць, але праверыць у гэтай гісторыі няма чаго. Няма даты, няма школы, няма колькасці падлеткаў, няма артыкула КК і няма нікога, хто гаварыў бы пра канфіскаваную зброю ад свайго імя. Ці быў нож, ці была сякера, ці быў малаток і ў каго менавіта вядома толькі са слоў тэлеканала, які спасылаецца на МУС увогуле.
Фатаграфія заточкі на белым аркушы, якая разышлася разам з навіной, хутчэй за ўсё ілюстрацыйная – скрыншот з таго ж сюжэта, дзе паказвалі канфіскаванае падчас аглядаў па ўсёй краіне, а не ў Горках.
Расійская частка сюжэта вядомая лепш. Следчы камітэт Расіі ў чэрвені паведаміў пра затрыманне ў Дагестане 17-гадовага адміністратара суполак з дзвюмастамі тысячамі падпісчыкаў, дзе, паводле версіі следства, падлеткаў рыхтавалі да нападаў на школы; сам ён на допыце пералічыў Падмаскоўе, Пецярбург, Арэнбург, Краснаярск, Ліпецк, Калугу, Стаўраполле і Бурацію.
Беларусь і Горкі да гэтага пераліку дадае АНТ – як і фармулёўку пра падкантрольнасць затрыманага ўкраінскім спецслужбам; у апублікаваных паведамленнях расійскага следства гаворка ідзе пра забароненыя суполкі і тэрарыстычную ідэалогію.
Атрымліваецца канструкцыя, знаёмая па ўсіх сілавых справаздачах апошняга часу: пагроза прыйшла з Расіі , але адказнасць за яе пераадрасавана Украіне, а мера прымаецца ў дачыненні да беларускіх дзяцей – правяраць кішэні.
Як гэтая праверка перашкодзіла б падлеткам з Горак, якіх, паводле версіі МУС, нехта вёў да нападу праз перапіску, у рэпартажы не тлумачыцца.
Логіка пры гэтым тая ж, што і ў суседняга сюжэта таго ж тыдня: у канцы жніўня супрацоўнікі КДБ прыходзілі з ператрусамі да магілёўцаў, якія вярнуліся з краін Еўрасаюза, пыталіся пра кантакты з дэмакратычным рухам і праглядалі смартфоны ў прысутнасці ўладальнікаў.
Пагроза абвяшчаецца знешняй – Украіна, Еўрасаюз, паблікі з-за мяжы, а шукаць яе ідуць або ў кішэнях школьнікаў, або ў тэлефонах дарослых.
Выснова з гэтага адна, і яна не пра Горкі. Гісторыя пра нож, малаток і сякеру спатрэбілася не для таго, каб паведаміць пра яе, а для таго, каб апраўдаць агляды: без яе ў сюжэце засталіся б вейпы і запальніцы, а на вейпах дазвол лезці ў дзіцячыя заплечнікі без бацькоў не пабудуеш. Таму ў нападу на першакласнікаў няма ні даты, ні школы, ні крымінальнай справы – яны яму не патрэбныя. Дастаткова, каб ён прагучаў. А эфект будзе. Як прыклад, успамінаем класічны ліёзненскі “трылер” – стральбу па машыне, якая стаяла. І пабудаваны на гэтым міф пра замах на вядомага дэпутата. Што было далей – ведае ўся краіна.
Фота скрыншот рэпартажу АНТ.
