Каля вёскі Ярмоловічы Бялыніцкага раёна 38-гадовая магілёўка за рулём Nissan, паводле папярэдняй інфармацыі ДАІ, адцягнула ўвагу ад кіравання і ўрэзалася ў тросавую агароджу. У машыне ехалі двое дзяцей – трохгадовая дзяўчынка і шасцігадовы хлопчык, абаіх з траўмамі даставілі ў бальніцу. Адно з іх, удакладняе МУС, перавозілася без дзіцячага ўтрымліваючага прыстасавання.
Аварыя здарылася ў суботу каля 13 гадзін – у апошні дзень спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Увага – дзеці!», якое ДАІ праводзіла па ўсёй Магілёўскай вобласці з 25 жніўня па 5 верасня.
Анонсуючы акцыю, міністэрства асобна абяцала сачыць за перавозкай дзяцей у аўтакрэслах і з рамянямі – да таго моманту з пачатку года на дарогах краіны загінулі 16 непаўналетніх, яшчэ 245 атрымалі траўмы.
На Магілёўшчыне акцыя і пачалася аварыяй з дзецьмі: раніцай 25 жніўня ў Гуслянцы пад Магілёвам 18-гадовы кіроўца Peugeot з пяццю падлеткамі ў салоне перакуліўся ў кювет, пацярпела 16-гадовая пасажырка. Дванаццаць дзён праз падлеткаў змянілі дашкольнікі.
Фота МУС Беларусі.
