На набярэжнай Дубравенкі разабралі лесвіцу, па якой у жніўні маці дзіцяці з ДЦП спускала каляску, не знайшоўшы пандуса, і выклала відэа спуску ў сацсеткі.
Цяпер там знятыя прыступкі, штабялі пліткі на пляцоўцы наверсе і шыльда «Ремонт лестницы».
Афіцыйна пра работы ніхто не паведамляў, а на шыльдзе напісана менавіта «лестница», не «пандус». У пераліку работ па рэканструкцыі набярэжнай, які ў чэрвені 2025 года называў намеснік старшыні гарвыканкама Ігар Бушлякоў, пандус не названы: пешаходныя сувязі і лесвіцы, веладарожкі, асвятленне, скейт-парк, амфітэатр.
Набярэжную пасля двух гадоў рэканструкцыі адкрылі да Дня горада, 26 чэрвеня запрацаваў шматузроўневы фантан.
Адзіны з’езд для калясак пакуль застаецца на супрацьлеглым беразе – залатаны цэментам без апалубкі. Магілёўцы скардзіліся, што каляска па ім «проста не заедзе».
Ці з’явіцца на месцы разабраных прыступак нешта акрамя новых прыступак, пакуль абяцае толькі шыльда – і абяцае яна лесвіцу.
Фота МогилевОнлайн.
