У Касцюковічах адкрыўся XXXIII Дзень беларускага пісьменства. На галоўнай сцэне паказалі праграму «Родная мова – мова шчаслівых людзей» з шасцю сотнямі артыстаў, легендай пра Касцюка і перадачай скрутка са славянскай азбукай дзецям. Віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч перадала старшыні аблвыканкама Анатолю Ісачанку прывітальны адрас Лукашэнкі, у якім Касцюкоўшчына названа радзімай Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава. Раніцай на плошчы перад райвыканкамам адкрылі скульптуру «Алесь і Алеся» паводле матываў Куляшова і пагасілі памятную марку.
Цэнтральная падзея першага дня – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі – была азмрочаная.
У намінацыі «Лепшы публіцыстычны твор» перамог Ігар Марзалюк з кнігай «Кроў на белым тле. Беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР».
Для Касцюковічаў гэта прэмія земляку. Марзалюк нарадзіўся ў Краснаполлі.
Кніга выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве «Беларусь», 335 старонак.
На 335 старонках Марзалюк расказвае пра тое, што акупаваная Беларусь была полем злачыннай дзейнасці нацыяналістычных груповак з «паталагічнай нянавісцю да беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове».
Узнагароду ўручалі міністр інфармацыі Дзмітрый Жук і Аляксандр Карлюкевіч – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і з снежня 2024 года дырэктар выдавецтва «Беларусь».
Менавіта гэтае выдавецтва выпусціла кнігу лаўрэата і ў лютым правяло яе прэзентацыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, а Саюз пісьменнікаў – суарганізатар прэміі разам з міністэрствамі інфармацыі, культуры і адукацыі.
Карлюкевіч у Касцюковічах апынуўся адразу ў дзвюх ролях – выдаўца кнігі і таго, хто ўручаў за яе ўзнагароду. Смешнае не толькі ўручэнне ўзнагароды сабе любімаму.
Дзяржаўнасць Беларусі на савецкай аснове настолькі спецыфічная, што новая кніга Марзалюка можа прэтэндаваць на перамогу яшчэ і ў гумарыстычнай намінацыі.
Фота “Могилевские ведомости”.
