БелМарэ Няронская

Бізнес-імперыя праўладнай бізнесвумэн Няронскай стварае прадпрыемства ў Магілёве

Сяброўка сям’і сына беларускага дыктатара Віктара Лукашэнкі Людміла Няронская стварае рыбаперапрацоўчае прадпрыемства “БелМарэ Груп” у Магілёве.

Як высветлілі журналісты-расследвальнікі з «Бюро медыя», у ствараемы рыбны холдынг “Марскія сезоны” Людмілы Няронскай увойдзе ажно сем прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі. Сярод іх ТАА “БелМарэ Груп”, якое было зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” у кастрычніку 2025 года. На гэты момант ніякіх даных па дзейнасці прадпрыемства няма, хоць у інтэрнэце ёсць абвесткі пра вакансіі розных спецыялістаў. Плануецца, што яно будзе знаходзіцца па Слаўгарадскай шашы.

Акрамя магілёўскага “БелМарэ Груп”, у бізнес-імперыю Няронскай увойдуць яшчэ шэсць прадпрыемстваў рыбнай галіны. Гэта, у прыватнасці, вытворчы комплекс па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў у Мінску, у прамвузле «Калядзічы» – адзінае на гэты момант працуючае прадпрыемства. Другое рыбаперапрацоўчае прадпрыемства будуецца проста цяпер у СЭЗ «Віцебск». Запуск анансаваны на канец 2026 года.

У холдынг Няронскай таксама ўвойдзе комплекс па вытворчасці ўпакоўкі з гафраванага кардону «Сезон упакоўкі», якім бізнэс-лэдзі валодае сумесна з сынам Віктара Лукашэнкі – Аляксандрам Лукашэнкам-малодшым. Гэтае прадпрыемства вырасце ў АЭЗ «Брэміна-Орша», а будаўніцтва будзе адбывацца за кошт дзяржкрэдыту.

Акрамя таго, Неронская плануе ўзвесці: транспартна-лагістычны комплекс у сталіцы, другі цэх рыбаперапрацоўчага прадпрыемства ў Віцебску пад брэндам «Марскія сезоны», а таксама два заводы пад брэндамі «Марская гавань» у Мінску.

Фотаздымак: «Бюро медыя»

← Усе навіны Магілёва