Быхаўская раёнка «Маяк Прыдняпроўя» зноў расказала пра санітарку сельскай амбулаторыі – «дэпутата» сельскага «савета дэпутатаў», якая апроч іншага займаецца вязаннем і бісерапляценнем.
Жанчына прадстаўляе землякоў ужо пятае скліканне, а прыклад, паводле яе слоў, ёсць з каго браць: «дэпутатамі» былі і яе маці, і свякроў, якія «заўсёды ішлі насустрач інтарэсам сваіх землякоў».
Пяць скліканняў сельскага «савета» – гэта выбары 2007, 2010, 2014, 2018 і 2024 гадоў, амаль дваццаць гадоў з адным і тым жа чалавекам у адным і тым жа крэсле. Амаль як Лукашэнка.
Асобная глава нарыса – удзел у VI Усебеларускім народным сходзе. Ён прайшоў у лютым 2021 года, праз паўгода пасля масавых пратэстаў. А праз пяць з паловай гадоў раёнка публікуе ўражанні «дэпутата» як свежыя: «уразілі маштаб і арганізацыя форуму», «лёс краіны вырашаюць людзі, якім неабыякавая яе будучыня».
У нарысе няма ніводнага вырашанага пытання з адрасам – толькі «добраўпарадкаванне тэрыторыі і ЖКГ», «дапамога канкрэтным сем’ям у зямельных спрэчках або бытавых канфліктах».
Затое ёсць усё, што трэба для тыповага партрэта прызначанага беларускага «дэпутата». У тым ліку і сямейная пераемнасць, якую праўладная газета падае як вартасць. Зрэшты, мандат у спадчыну перадаецца не толькі ў Быхаўскім раёне – дынастыі дэпутатаў-дэлегатаў ствараюцца па ўсёй Беларусі.
Фота раённай газеты
