За больш чым 1 млн рублёў збіралася набыць кароў у недабудаваны жывёлагадоўчы комплекс прадпрыемства АПК у Крычаўскім раёне. Здзелку сарвала пракуратура.
Закупку заўважыла пракуратура Крычаўскага раёна падчас маніторынгу электроннай гандлёвай пляцоўкі. І высветлілася, што праблема не толькі ў тым, што каровы маглі прыехаць раней за гатоўнасць кароўніка. У конкурснай дакументацыі пракуроры знайшлі адразу некалькі парушэнняў.
У прыватнасці, прадпрыемства не прапісала патрабаванні да ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі жывёлы. Не быў дакладна вызначаны і парадак фарміравання цаны прапановы, а абавязкі бакоў у розных частках дакументацыі супярэчылі адзін аднаму.
Такія недахопы, паводле пракуратуры, маглі паўплываць на вынікі закупкі і прывесці да дадатковых выдаткаў на лагістыку. Але найбольш паказальна выглядалі тэрміны.
Пастаўляць жывёлу прадпрыемства планавала ўжо з верасня 2026 года. Пры гэтым завяршыць будаўніцтва малочна-таварнага комплексу збіраюцца толькі напрыканцы снежня. Паводле складзеных самім прадпрыемствам планаў, племянныя цялушкі малочных парод маглі з’явіцца ў гаспадарцы на некалькі месяцаў раней, чым гатовы комплекс, для якога іх і набывалі.
Пракурор Крычаўскага раёна вынес прадпісанне з патрабаваннем ліквідаваць парушэнні і правесці закупку нанова ўжо ў адпаведнасці з заканадаўствам. Прадпісанне было выканана ў поўным аб’ёме.
Фотаздымак: pexels.com
