Лукашэнка лён

У Магілёве не разумеюць, што не так з вобласцю

Паказальную порку чыноўнікаў, якую зладзіў беларускі дыктатар у Шклоўскім раёне, некаторыя магілёўцы ўспрынялі з неразуменнем.

У Беларусі, аказваецца, ячшэ ёсць людзі, якія на 33-ім годзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі не звыкліся да таго, што яго гістэрыкі перад камерамі, асабліва з выездам на месцы, гэта проста складавая частка гульні на публіку, і што за гэтай гульнёй не стаіць абсалютна нічога, акрамя яго жадання паказаць уласнае самадурства.

Адной з такіх наіўных грамадзянак абазначыла сябе аўтар допіса ў тэлеграм-канал “Вячэрні Магілёў” нейкая Надзея Краўцова.

Разважаючы над словамі дыктатара аб тым, што Магілёўскую вобласць трэба пераводзіць на ваеннае становішча, бо на прыкладзе Шклоўскага раёна і гаспадаркі “Гавяды-агра”, куды пару дзён таму заявіўся той, хто “наеўся ўлады”, усё вельмі дрэнна, жанчына ўзгадвае падзею зусім нядаўняга мінулага. Яшчэ не прайшло і паўгода, калі ў красавіку 2026-га, акурат яго ўказам Магілёўшчына была занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Чыноўніцкаму шчасцю тады не было межаў, аб падзеі распавядалі “з кожнага праса”, адзін аднаго віншавалі і дарылі радасныя ўхмылкі.

І вось заявіўся правіцель у Шклоўскі раён, і аказалася, што ўсё не так вясёла, як было вясной. “Ну і ну! Наша вобласць па выніках мінулага года занесена на Рэспубліканскую дошку гонару, а цяпер, аказваецца, яе трэба пераводзіць на ваеннае становішча і пачынаць працаваць закатаўшы рукавы? Выходзіць так”, – піша жанчына.

Яна ўзгадвае, як Лукашэнка лёгка разарваў ільняную трасту. “Гэта сведчыць аб вельмі нізкай якасці валакна. Дык калі падобнае адбываецца ў перадавым Шклоўскім раёне, што тады можна ўбачыць, кажучы словамі Аляксандра Рыгоравіча, у «мядзведжых кутах» рэгіёну?!” – задаецца пытаннем спадарыня Краўцова і выказвае спадзяванне, што “паколькі ў яго словы не разыходзяцца са справамі, то хутка многае ўбачым, калі ён наведае гэтыя самыя «куты».

Пэўна, для Надзеі Краўцовай пабачыць “многае”, калі галоўны начальнік прылюдна будзе распякаць сваіх, ім жа прызначаных падначаленых, ёсць заняткам забаўным. Аднак сэнсу і праўды ў такіх паказальных выступленнях дыктатара столькі ж, колькі ва ўганараванні якой-небудзь вобласці занясеннем яе на Рэспубліканскую дошку гонару.

← Усе навіны Магілёва