Работнікаў лясгасаў так паважаюць у раёнах Магілёўшчыны, што справаздачы, прысвечаныя прафесійнаму святу, ужо супернічаюць па масавасці з рэпартажамі пра новыя здзяйсненні Лукашэнкі і нагадваюць масавую істэрыю.
У Краснаполлі расказалі пра бухгалтарку лясгаса, якая будуе сваю дзейнасць на прынцыпах, закладзеных у трактаце Лукі Пачолі «Аб боскай прапорцыі» . Касцюковіцкая «раёнка» апісала цяжкасці укладвання лесу ў вагоны, а ў Асіповічах, як аказалася, колатыя дровы можна заказаць круглы год .
Усіх пераплюнулі майстры пяра чавускай раёнкі. Яны аж у чатырох артыкулах расказалі пра свой лясгас настолькі падрабязна, што не забыліся і пра сакратарку прыёмнай (на фота), якая працуе на пасадзе ўжо 16 гадоў і пабачыла нямала цікавага. З гэтым не паспрачаешся – цікавае было.
Напрыклад, у снежні 2023 года пасля праверкі Камітэта дзяржкантролю і фінансавай міліцыі былі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да былога дырэктара і галоўнага інжынера Чавускага лясгаса. «Фондавую» драўніну, якую належала прадаваць праз біржу па рыначнай цане, паводле шматхадовай схемы перадавалі ў выглядзе піламатэрыялаў дзвюм прыватным фірмам па заніжаных цэнах. Шкоду ацанілі больш як у 85 тысяч рублёў, матывам назвалі прэміі і жаданне схаваць невыкананне плана па вытворчасці і продажы тых жа піламатэрыялаў.
Праз дзевяць дзён пракуратура Магілёўскай вобласці распачала у дачыненні да былога дырэктара яшчэ адну справу – аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў з цяжкімі наступствамі. Круглы яловы лес распілавалі ў прыватнай арганізацыі, дошкі лясгас прадаў на экспарт за 141 тысячу рублёў, хоць на біржавых таргах той жа лес можна і трэба было прадаць за 193 тысячы. Матэрыялы перадалі ў абласное ўпраўленне Следчага камітэта.
Даводзіцца прызнаць, што лясная галіна Беларусі даўно ператварылася ў паўкрымінальны бізнес. У маі 2022 года міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу вызвалілі ад пасады «ў сувязі са здзяйсненнем правіннасці, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». А ў снежні 2023 года, расказваючы пра чавускую сітуацыю, Камітэт дзяржкантролю удакладніў, што за год па «шэрых» схемах з лесапрадукцыяй і незаконных сувязях лясгасаў з прыватнымі структурамі ў галіне распачата больш за 15 крымінальных спраў.
А вы кажаце мёд і бярозавы сок…
Фота чавускай раённай газеты .
