Генадзь Дзенгалёў

Экс-намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў апынуўся ў СІЗА КДБ

Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў стаў фігурантам крымінальнай справы, звязанай з фінансамі.

Пра затрыманне Дзенгалёва стала вядома ад крыніц “Радыё Свабода”. Аднак, што канкрэтна яму ставяць у віну, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса вядзецца справа і ў якім працэсуальным статусе знаходзіцца Дзенгалёў, пакуль невядома. Няма дакладнай інфармацыі і пра час затрымання.

Апошні раз Дзенгалёў публічна з’яўляўся ў якасці намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама ў пачатку жніўня 2025 года. 7 жніўня ён удзельнічаў ва ўрачыстасцях да Дня будаўніка, а на 9 жніўня ў чыноўніка была запланаваная прамая тэлефонная лінія.

Пасля гэтага Дзенгалёў фактычна знік з публічнай прасторы. Пры гэтым пра яго адстаўку ці прычыны сыходу з аблвыканкама афіцыйна не паведамлялася.

Пэўнасць з’явілася толькі праз некалькі месяцаў. 15 студзеня 2026 года на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, які курыруе будаўніцтва і жыллёва-камунальную гаспадарку, быў узгоднены Ігар Клішо.

Такім чынам, паміж апошнім публічным з’яўленнем Дзенгалёва ў жніўні і прызначэннем яго пераемніка ў студзені мінула больш за пяць месяцаў. Увесь гэты час пра лёс чыноўніка публічна нічога не паведамлялася.

Цяпер высветлілася, што былы намеснік старшыні аблвыканкама апынуўся ў СІЗА КДБ, вядомым як «амерыканка». Аднак, што менавіта адбылося паміж урачыстасцямі да Дня будаўніка і «амерыканкай», пакуль застаецца невядомым.

Даведка

Генадзь Дзенгалёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бялынічах, у сям’і спадчынных будаўнікоў. Там вучыўся ў сярэдняй, спартыўнай і музычнай школах, пасля восьмага класа ў 15 гадоў паступіў у Магілёўскі будаўнічы тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума вярнуўся на радзіму і пачаў працоўную дзейнасць дублёрам майстра, а затым атрымаў пасаду майстра.

Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

З 2015 года і на момант прызначэння на пасаду старшыні Барысаўскага райвыканкама працаваў генеральным дырэктарам Мінскага абласнога вытворчага праектна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскаблсельбуд».

14 верасня 2017 года быў прызначаны на пасаду старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта. З 13 мая 2022 года ўступіў на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ.

Фотаздымак: mediazonaby.com

← Усе навіны Магілёва