У Бабруйску асудзілі начальніка структурнага падраздзялення аднаго з прадпрыемстваў горада за хабар, які прыйшоў да яго ў пакеце з сувенірамі.
На пачатку 2025 года прадпрыемства заключыла дамову са сталічным падрадчыкам на тэхабслугоўванне абсталявання.
Начальнік кантраляваў работы і падпісваў акты іх выканання, але недахопы падрадчыка хаваў ад кіраўніцтва, афіцыйна не фіксаваў і дэфектных актаў не складаў.
За гэта дырэктар падраднай арганізацыі перадаў яму пакет з сувенірнай прадукцыяй, сярод якой быў нататнік з 2,5 тысячы рублёў унутры. Грошы начальнік знайшоў і патраціў на сябе. Суд прызначыў яму два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, штраф 300 базавых велічынь, гэта значыць 13,5 тысячы рублёў, і забарону на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Дакладна такі ж прысуд у жніўні атрымаў былы галоўны інжынер сельгасарганізацыі Бабруйскага раёна – за 2300 рублёў ад камерцыйнай фірмы: той жа тэрмін, той жа штраф, тая ж забарона.
У абодвух выпадках штраф у пяць-шэсць разоў большы за сам хабар.
Фота ілюстрацыйнага характару.
