Сямёра магілёўскіх касметолагаў сталі фігурантамі крымінальных спраў аб выкарыстанні забароненай касметалагічнай прадукцыі.
Жаданне зрабіць вусны большымі, а скуру прыгажэйшай прывяло адразу да некалькіх крымінальных спраў у Магілёве. Міліцыя выявіла сем дзяўчат, якія выкарыстоўвалі ў касметалагічных працэдурах прэпараты, не зарэгістраваныя ў Беларусі.
Паводле супрацоўнікаў аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС, дзяўчаты аказвалі паслугі па павелічэнні вуснаў і карэкцыі дэфектаў скуры. Для ін’екцый яны выкарыстоўвалі несертыфікаваныя філеры і іншыя матэрыялы, якія набывалі праз інтэрнэт.
След ад магілёўскіх «уколаў прыгажосці» прывёў праваахоўнікаў у Мінск. Там затрымалі 54-гадовага мужчыну, якога міліцыя называе пастаўшчыком незарэгістраванай прадукцыі.
Паводле праваахоўнікаў, прэпараты ён прывозіў з-за мяжы, пасля чаго праз сацыяльныя сеткі прадаваў тым, хто займаўся касметалагічнымі працэдурамі. Падчас затрымання і ператрусу ў мужчыны знайшлі больш за 200 адзінак такой прадукцыі.
Следчыя распачалі справы па фактах збыту незарэгістраваных лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
