вымагальніцтва

Вымагальніцтва з дапамогай кнігі заўваг разгледзела Магілёўская пракуратура

Справу пяці мінчанак, якія, 10 гадоў шантажуючы магазіны выяўленымі парушэннямі, прадавалі свае навучальныя курсы, накіравала ў суд пракуратура Магілёўскай вобласці.

У свайго роду злачынна-адукацыйную групу мінчанкі аб’ядналіся не пазней за снежань 2015 года. З пачатку 2016-га і да ліпеня 2025 года яны наведвалі гандлёвыя аб’екты па ўсёй Беларусі пад выглядам звычайных пакупніц і шукалі парушэнні правілаў гандлю. Пасля чаго прапаноўвалі работнікам магазінаў набыць навучальныя семінары, пагражаючы запісам у кнізе заўваг і прапаноў.

Як сцвярджае абвінавачанне, работнікам магазінаў давалі зразумець: інфармацыю могуць таксама перадаць кантралёрам, калі, канешне, парушальнікі не набудуць навучальны семінар з заключэннем адпаведнага дагавора. Работнікі гандлю, якія баяліся праверак, пакарання і іншых непрыемных наступстваў, пагаджаліся і пералічвалі грошы на рахункі арганізацый, падкантрольных абвінавачаным.

Такім чынам вымагальніцтва было аформлена як цалкам прыстойныя грамадзянска-прававыя адносіны: ёсць камерцыйная арганізацыя, ёсць дагавор, ёсць навучальны курс і ёсць аплата. Толькі жаданне купляць гэты курс, як лічыць абвінавачанне, з’яўлялася пасля пагрозы паведаміць пра парушэнні.

Для працы схемы выкарыстоўваліся дзве камерцыйныя арганізацыі. Пракуратура адзначае, што выгляд звычайнай фінансава-гаспадарчай дзейнасці дазваляў жанчынам працягваць такую практыку доўгі час. Усяго грошы былі атрыманыя больш чым ад 430 чалавек. Агульная сума перавысіла 101,8 тыс. рублёў.

Цяпер мінчанкі абвінавачваюцца ў завалоданні маёмасцю шляхам вымагальніцтва, учыненае арганізаванай групай і ў асабліва буйным памеры. Крымінальную справу перадалі ў суд. Хтосьці з абвінавачаных знаходзіцца пад вартай, хтосьці адпушчаны пад асабістае паручыцельства.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

← Усе навіны Магілёва