Начальніца аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга на адкрыцці фестывалю «Анімаёўка-2026» у Магілёве расказала журналістам, над якімі мультфільмамі працуе «Беларусьфільм».
Чыноўніца спаслалася на стратэгію развіцця нацыянальнай анімацыі на 2026-2030 гады, назвала гэта ўздымам і пералічыла найбліжэйшыя работы студыі:
- серыял «Волчок» – дванаццаць серый, якія можна глядзець і адным фільмам на гадзіну, прэм’ера 8 кастрычніка, перадпрэм’ерны паказ ужо прайшоў у Александрыі;
- поўнаметражныя мультфільмы «Девочка и трактор» і «Команда спасателей»;
- чатырохсерыйныя «Тайны Александрии» рэжысёркі Алены Туравай з перадпрэм’ерным паказам на «Купаллі» ў Александрыі.
З трох радкоў гэтага спіса два вядуць у адзін аграгарадок Шклоўскага раёна.
Паводле слоў Дрыгі, аказваецца, у ваколіцах Александрыі знаходзіцца беларуская акадэмія чараўнікоў.
Сама Турава апісала сюжэт як чароўную казку пра дзяўчынку Лесю, якая вучыцца ў школе чараўнікоў разам з таленавітымі дзецьмі і жывёламі.
Александрыя – месца, дзе вырас Лукашэнка.
Рэспубліканскае «Купалле» аблвыканкам праводзіць там з 2010 года, а ў праграму свята ўваходзіць экспазіцыя з класам, у якім ён вучыўся. Цяпер па суседстве са школьным класам гэтага Вальдэморта з’явіцца і школа чараўнікоў.
У тым жа інтэрв’ю Турава казала, што славянская міфалогія па мастацкай сіле не саступае грэчаскай, а старажытныя паданні маглі б стаць візуальным брэндам студыі.
Яе «Песня Сирин» – першая поўнаметражная 3D-карціна кінастудыі «Беларусьфільм», дзе багіня Макош за залатым станком тчэ хустку з сонечнага промня.
Цяпер замест Макошы ў студыі школа чараўнікоў – сюжэт, які ўвесь свет ведае па Хогвартсе, а Мінкульт – па Александрыі.
Алена Турава – дачка двух ураджэнцаў Магілёва, рэжысёра Віктара Турава і актрысы Святланы Туравай.
Апошнім фільмам бацькі стаў «Шляхціц Завальня» паводле кнігі Яна Баршчэўскага – збору беларускіх паданняў пра ведзьмакоў і чараўнікоў. У бацькі чараўнікі жылі ў беларускіх паданнях, у дачкі – па месцы дзяцінства Лукашэнкі.
Што да самой Дрыгі, то яе прозвішча традыцыйна звязваецца не з уздымам беларускай культуры, а з яе заняпадам. Жыві гэтая чыноўніца ў Сярэднявеччы, яна ўзначаліла б інквізіцыю і ганялася б за ведзьмамі.
Фота ілюстрацыйнага характару.
