комбикорм

Гіганты і карлікі: за паўтоны камбікорму на Магілёўшчыне – крымінальная справа, за тысячу тон – пытанне пра штраф

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці завяршыў праверку аднаго з сельгаспрадпрыемстваў вобласці і ўстанавіў, што там вырабілі больш за 1100 тон камбікорму з парушэннем тэхналогіі – на суму звыш 800 тысяч рублёў. Назва гаспадаркі і раён у паведамленні не ўказаныя.
Паводле даных кантралёраў, на фермах не выконвалі рацыёны кармлення і выкарыстоўвалі кармы нізкай якасці, схемы лячэння і прафілактыкі выконваліся не заўсёды, ветпрэпараты захоўваліся пратэрмінаванымі і з парушэннем умоў.
Парушэнні знайшлі таксама ва ўтрыманні жывёлы і заатэхнічным уліку, у разліку бюджэтных надбавак на маладняк, у тэрмінах выплаты заробку, цэнаўтварэнні, бухуліку і дзяржзакупках.
Камітэт разглядае пытанне аб адміністрацыйнай адказнасці прадпрыемства і яго работнікаў.
Улетку камбікорм на Магілёўшчыне ўжо даходзіў да суда. Суд Кіраўскага раёна разглядаў справу работніка сельгаспрадпрыемства, які ў чэрвені і ліпені цягаў корм са склада і вывозіў дадому на электравеласіпедзе. У яго канфіскавалі больш за 500 кілаграмаў. Там быў крадзеж, тут парушэнне тэхналогіі, але лік усё роўна наглядны: за паўтоны – крымінальная справа, за тысячу з лішнім тон – магчымы адміністрацыйны штраф.
У маі КДК вобласці абвяшчаў пра праверку сельгаспрадпрыемства з падобным пералікам – і тады гаспадарку назваў. Камітэт пачаў праверку СВК «Гигант» Бабруйскага раёна: фінансава-гаспадарчая дзейнасць, бюджэтныя сродкі, утрыманне жывёлы, бухулік, цэнаўтварэнне, своечасовасць выплаты заробку. Прыярытэтам тады быў названы падзеж буйной рагатай жывёлы.
Ці з’яўляецца гаспадарка з кастрычніцкага паведамлення «Гигантом», КДК не ўдакладняе. Слова «падзеж» у кастрычніцкім выніку няма, але…
Камбікорм «Гигант» вырабляе сам і прадае на бок – для цялят, дойнага статка, свіней і птушкі.
Калі ў кастрычніку гаворка ішла пра іншую гаспадарку, адкрытым застаецца пытанне, чым скончылася майская праверка «Гиганта». Калі пра яго ж – куды з вынікаў падзеўся падзеж жывёлы, які ў маі называлі галоўным.
Работніка з электравеласіпедам пры гэтым назвалі паводле ўзросту і пасады, а гаспадарка з тысячай тон так і засталася ананімам.

Выява ілюстрацыйнага характару.

← Усе навіны Магілёва