Дольшчыкі будаўніцтва па Лазарэнкі 15 не дачакаюцца вяртання сваіх грошай, пакуль новы ўласнік не набудзе будынак.
Гісторыя старадаўняга дома можа стаць прыкладам дзіўных дзеянняў магілёўскіх чыноўнікаў. Усё пачалося прыкладна 15 гадоў таму, калі будынак у дзяржавы выкупіла прыватная будаўнічая кампанія “Сектар”. Купіла, по розных даных, ці то за адну базавую велічыню, ці то за амаль за 770 млн дадэнамінацыйных рублёў. Гэтыя лічбы былі агучаныя ў свой час магілёўскім краяведам Уладзімірам Краўчанка на судзе ў 2013 годзе па абароне дзелавой рэпутацыі “Сектара” ад слоў мясцовай жыхаркі Наталіі Самахвалавай. Жанчыну абурала безгаспадарчасць, крадзяжы старадаўніх канструкцый і пажары, якія здараліся ў будынку, побач з якім яна жыла, і які фірма “Сектар” узялася аднаўляць. Пасля чатырох пасяджэнняў суд быў спынены з-за непадведамаснасці.
У снежні 2013 года гэты будынак, а таксама суседнія з ім, пазбавілі статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Арганізацыі, якім яны перададзеныя, цяпер змогуць хутка вырашаць усе пытанні, заяўляў тагачасны старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў, які цяпер сядзіць у крэсле старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. “Яны павінны аператыўна прыступіць да работ: альбо да рэканструкцыі, альбо да будаўніцтва памяшканняў дадатковых”, – заяўляў тагачасны кіраўнік горада.
У выніку “Сектар” надбудаваў трэці паверх, што абцяжарыла ўсю канструкцыю, і па ёй пайшлі трэшчыны. Аднак не гэта спыніла будаўніцтва, а тое, што ў 2015 годзе дому вярнулі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта абрынула планы бізнесменаў на запланаваны рамонт дома па сваім праекце.
Праз чатыры гады “Сектар”, пакінуўшы дом на 53% гатовасці, прадаў яго ТАА “ВінэрТрэйд”. Яна вырашыла цалкам змяніць канцэпцыю і замест офіснага цэнтра зрабіць на Лазарэнкі 15 жылы дом. Пры гэтым новы ўласнік ужо ведаў аб статусе будынка.
І вось далей пачаліся дзіўныя справы, бо весці будаўніцтва новы ўласнік узяўся за кошт тых, хто спадзяваўся займець кватэры ў гэтым доме. Прычым, як цяпер высвятлілася, грошы людзі перадавалі, але без афармлення дакументаў аб долевым будаўніцтве.
Ці былі людзі настолькі недасведчаныя, што з гатоўнасцю аддавалі грошы, па сутнасці, пад адны толькі абяцанні продажу кватэр, цяжка сказаць. Але нешта падказвае, што паміж забудоўшчыкам (“ВінэрТрэйд”) і дольшчыкамі стаяў нехта трэці, таксама зацікаўлены ў такіх здзелках. І гэты трэці, не выключана, меў дастатковы аўтарытэт, каб уплываць на тых самых дольшчыкаў.
Ці сапраўды збіраўся “ВінерТрэйд” нешта будаваць, выдатна ведаючы аб гісторыка-культурных абцяжарваннях дома па Лазарэнка 15, аднак будынак як быў у 53% гатовасці, так і застаўся. Дольшчыкі за гэты час паспелі звярнуцца ў суд і адстаяць там свае маёмасныя правы, а гэта значыць прымусілі прызнаць судовую інстанцыю, што ім павінны грошы. Здавалася б суд быў бы абавязаны прымусіць “ВінэрТрэйд” вярнуць грошы, аднак ніякіх дамоў, як мы помнім, аб долевым будаўніцве няма. “ВінэрТрэйд” у сваю чаргу ніякім банкротам не прызнаны.
Тым часам будынак выставілі на аўкцыён. Першыя таргі не адбыліся з-за адсутнасці жадаючых. Другія прызначаны на 13 кастрычніка 2026 года. “Атрыманыя сродкі і пойдуць на пагашэнне маёмасці пацярпелых”, – кажа цяперашні першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Бушлякоў.
“А людзям варта зразумець, што толькі новы уласнік мае права вырашаць лёс гэтага будынка”, – павучаюць падманутых дольшчыкаў з праўладнага тэлеграм-канала.
Фотаздымак: e-auction.by
