На Беларускім цэментным заводзе ў Касцюковічах прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума савета Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Тэму выбралі мірную – адаптацыя маладых спецыялістаў і тое, як растлумачыць ім калектыўную дамову.
А за дзень да пасяджэння старшы пракурор Генпракуратуры Андрэй Федаровіч паведаміў, што сёлета за хабарніцтва асуджаны генеральны дырэктар гэтага самага завода.
Гаворка пра Ігара Сяргеева: ён кіраваў заводам са жніўня 2021 года, а ў 2024 годзе стаў сенатарам ад Быхаўскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага і Слаўгарадскага раёнаў.
З публічнай прасторы Сяргееў знік на мяжы 2025–2026 гадоў, у маі завод узначаліў Яўген Валашчык з «Красносельскстройматериалов».
Вынікі пасяджэння падвёў старшыня маладзёжнага савета абласных прафсаюзаў Кірыл Шусцік. Паводле яго слоў, паспяховы старт у прафесіі немагчымы без надзейнай сістэмы абароны працоўных правоў.
Што належыць маладым спецыялістам паводле калектыўнай дамовы, растлумачылі прафсаюзы. Што бывае за хабар, напярэдадні растлумачыла Генпракуратура.
Нагадваем, што калектыўная дамова ў Беларусі мала чым адрозніваецца ад дамовы з сатаной.
