У Горках звычайная спроба супрацоўнікаў ДАІ спыніць аўтамабіль Citroen перарасла ў пагоню са стралянінай.
На сігнал аб спыненні мужчына не адрэагаваў, а замест гэтага націснуў на газ. Інспектары кінуліся наўздагон. Паводле паведамлення міліцыі, уцякач ствараў рэальную небяспеку для іншых удзельнікаў дарожнага руху. Неаднаразовыя папярэджанні аб магчымым ужыванні зброі таксама не дапамаглі.
Тады адзін з супрацоўнікаў ДАІ адкрыў прыцэльны агонь па колах пераследуемага аўтамабіля. Пасля стрэлаў тойнарэшце спыніўся. За рулём аказаўся 36-гадовы жыхар вёскі Сялец Горацкага раёна. Прычым мужчына меў відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд паказаў 1,57 праміле алкаголю.
Як высветлілася, гэта была далёка не першая сустрэча мужчыны з адказнасцю за п’янае кіраванне. Раней яго ўжо пазбавілі вадзіцельскага пасведчання за язду ў нецвярозым стане.
У выніку на мужчыну склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Самога парушальніка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а яго Citroen адправілі на ахоўную стаянку. Падчас пагоні, паводле апублікаванай інфармацыі, ніхто не пацярпеў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
