Пяльмені

Клічаўскія пяльмені: каго на Магілёўшчыне падтрымлівае праграма «для малога і сярэдняга бізнесу»

Клічаўскае райспажыўтаварыства запусціла пяльменную лінію – толькі не ў Клічаве, а ў Глуску. Праект абышоўся ў 310 тысяч рублёў: больш за 193 тысячы пайшло на абсталяванне, 117 тысяч – на рамонт цэха. Грошы – ільготны банкаўскі крэдыт і ўласныя сродкі. Лінія выдае да 150 кілаграмаў пяльменяў за гадзіну, створана пяць працоўных месцаў.

Глускі цэх у клічаўскіх кааператараў з’явіўся разам з цэлым райспажыўтаварыствам.

30 чэрвеня 2025 года Глускае райспажыўтаварыства далучылі да Клічаўскага, на яго месцы засталося адасобленае структурнае падраздзяленне.

Глускае да таго часу ўжо было ўзбуйненым: у лютым 2018 года паводле рашэння Магілёўскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў да яго далучылі Асіповіцкае.

Так тры раённыя спажывецкія таварыствы ператварыліся ў адно – цяпер у Клічаўскага райспажыўтаварыства 81 стацыянарная крама і дзевяць аўтакрам у Клічаўскім, Глускім і Асіповіцкім раёнах.

Разам з Глускам райспажыўтаварыству дастаўся і цэх замарозкі плошчай 2800 квадратных метраў з тунэлем хуткай замарозкі – у ім і паставілі пяльменную лінію.

Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Віктар Ворахаў растлумачыў, што лінію пабудавалі паводле праграмы «Рэгіянальная ініцыятыва», якая змяніла «Адзін раён – адзін праект» і накіравана на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу.

Фармальна райспажыўтаварыства пад такую падтрымку падыходзіць: спажывецкае таварыства – не дзяржаўнае прадпрыемства, яно нібыта належыць пайшчыкам, якія ўносяць паявыя ўзносы і самі выбіраюць кіраўніцтва.

Але гэта ў мінулым. Райспажыўтаварыствы паміж сабой злівае абласны саюз сваімі пастановамі, а кіраўніка ўсёй сістэмы – Белкаапсаюза – падбіраюць у дзяржаўным апараце.

Ранейшы старшыня праўлення Валерый Іваноў пайшоў кіраваць кіраўніцтвам справамі Лукашэнкі, яго пераемнік Алег Мацкевіч прыйшоў з пасады першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама, а кандыдатуру цяперашняй старшыні Інэсы Караткевіч узгаднялі асабіста з Лукашэнкай.

З якога перапуду райспажыўтаварыства стала «малым і сярэднім бізнесам» – незразумела.

Фота klichew.by.

← Усе навіны Магілёва