Бітва пад Шкловам

Сонечнае зацьменне магло дапамагчы Радзівілу ў бітве пад Шкловам у 1654 годзе

12 жніўня 1654 года пад Шкловам сышліся войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Янушам Радзівілам і армія Маскоўскай дзяржавы. У гэты ж дзень над Еўропай назіралі сонечнае зацьменне. Беларуская гісторык Наталля Сліж дапускае, што такое супадзенне магло быць не выпадковым.

Сваё даследаванне «The solar eclipse of 1654 in the Grand Duchy of Lithuania: astrological prognosis, discussion, and the war» яна апублікавала ў італьянскім навуковым часопісе Galilæana.

Зацьмення 12 жніўня чакала ўся Еўропа. Астралагічныя прагнозы прадказвалі войны, эпідэміі і ледзь не канец свету, таму з’ява выклікала сапраўдную хвалю апакаліптычных страхаў. У Рэчы Паспалітай і ВКЛ у дыскусію ўключылася нават духавенства, якое спрабавала супакоіць насельніцтва.

У Вільні друкарня езуіцкай Акадэміі выпусціла асобнае выданне, прысвечанае памылкам у прадказаннях, зробленых на падставе будучага зацьмення. Януш Радзівіл у сваіх лістах таксама наракаў, што шляхта занадта давярае астролагам.

Менавіта на 12 жніўня прыйшлася і бітва пад Шкловам – адна з першых буйных сутычак вайны 1654–1667 гадоў. На тэрыторыі Беларусі зацьменне не было поўным, але месяц закрыў тады значную частку сонечнага дыска.

Сліж разглядае магчымасць, што Радзівіл мог свядома ўлічваць дату зацьмення пры выбары моманту для бою. Пацверджання, якое дазваляла б лічыць гэта даказаным фактам, няма. Аднак для людзей XVII стагоддзя такая нябесная з’ява была значна большым, чым проста цікавым астранамічным эфектам.

Раптоўнае пацямненне неба магло паўплываць і на бачнасць на полі бою, і на настрой жаўнераў. Для часткі ўдзельнікаў яно магло выглядаць як знак Божага ўмяшання – асабліва ў абставінах, калі астралагічныя прадказанні і страх перад зацьменнем абмяркоўваліся ўжо некалькі гадоў.

Войска ВКЛ у той дзень дамаглося пад Шкловам поспеху, хаця ў розных гістарычных крыніцах вынік бітвы ацэньваецца неаднолькава – ці то як поўны разгром, ці то як частковы. Сказаць, што перамогу Радзівілу «прынесла зацьменне», было б занадта смела. Але тое, што нябесная з’ява магла стаць адным з псіхалагічных фактараў бітвы, выглядае цалкам магчымым.

← Усе навіны Магілёва