аўталаўка

У трох населеных пунктах Асіповіцкага раёна не стала стацыянарных магазінаў

Жыхароў вёсак Вярэйцы і Цэль, а таксама аграгарадка Лапічы пазбавілі стацыянарных магазінаў. Апошняя надзея – аўталаўкі.

Цяпер, каб набыць неабходныя прадукты, мясцовым жыхарам даводзіцца падладжвацца пад графік прыезду аўталавак. Раённыя ўлады запэўніваюць, што сітуацыя знаходзіцца пад іх пастаянным кантролем, а гандаль у стацыянарных крамах неўзабаве адновіцца.

Як паведаміла першая намесніца старшыні Асіповіцкага райвыканкама Алена Кірычэнка, ва ўсіх трох населеных пунктах арганізаваны дадатковыя прыпынкі аўталавак, а будынкі зачыненых магазінаў ужо перадалі новым арандатарам.

У Вярэйцах аўталаўка прыватнага прадпрыемства «ТрансСОВАШ» прыязджае па аўторках і пятніцах, а Клічаўскага райспажыўтаварыства – па суботах. Дадатковыя прыпынкі арганізавалі каля былой крамы на вуліцы Ваенны гарадок, 1а.

Будынак магазіна ўжо здадзены ў арэнду. Новы гаспадар гандлёвага аб’екта шукае прадаўцоў, афармляе дакументы і рыхтуе касавае абсталяванне. Калі крама адчыніцца, пакуль невядома.

У вёсцы Цэль сітуацыя крыху лепшая: акрамя аўталавак, прадукты і некаторыя прамысловыя тавары можна набыць у паштовым аддзяленні. «ТрансСОВАШ» абслугоўвае вёску па аўторках і пятніцах, Клічаўскае райспажыўтаварыства – па панядзелках і чацвяргах.

Мясцовы магазін перадалі ў арэнду ў кастрычніку. Паводле прадстаўніцы райвыканкама, аднавіць яго працу плануецца на працягу двух-трох тыдняў пасля завяршэння неабходных адміністрацыйных працэдур.

У аграгарадку Лапічы аўталаўка «ТрансСОВАШ» спыняецца каля зачыненай крамы па серадах і суботах, а аўтамагазін Клічаўскага райспажыўтаварыства – па панядзелках і чацвяргах.

Будынак магазіна тут таксама з кастрычніка мае новага арандатара. Прадпрымальнік займаецца пошукам работнікаў і падрыхтоўкай гандлёвага аб’екта да адкрыцця. Канкрэтнай даты пакуль не называюць.

Улады разлічваюць аднавіць стацыянарны гандаль ва ўсіх трох населеных пунктах. А пакуль жыхарам застаецца сачыць за раскладам аўталавак.

Фотаздымак: klichew.by

← Усе навіны Магілёва