Асаблівасцю праходзячых у Крычаўскім раёне вучэнняў тэрабароны стала раптоўная шпіёнаманія – насельніцтва заклікаюць паведамляць пра людзей моцнага целаскладу ў камуфляжным адзенні.
Нагадаем, на Магілёўшчыне з 7 кастрычніка па 13 лістапада праходзяць вучэнні тэрытарыяльнай абароны. Галоўнай пляцоўкай стаў Крычаўскі раён.
“Калі ў горадзе Крычаве або сельскіх населеных пунктах раёна вы заўважылі падазроных асоб моцнага целаскладу ў камуфляжнай форме, якія паводзяць сябе ўтойліва, цікавяцца аб’ектамі інфраструктуры або распытваюць мясцовае насельніцтва, неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю” – заклікае міліцыя да пільнасці насельніцтва ў надзеі злавіць нейкіх шпіёнаў-дыверсантаў.
Пры гэтым даецца цэлая інструкцыя, што распавесці па нумару 102. А менавіта: дзе і калі бачылі гэтых людзей, колькі іх было, як яны выглядалі, ці была ў іх зброя альбо вялікія заплечнікі і сумкі, якім быў колер, марка і нумар аўтамабіля.
“Не спрабуйце самастойна падыходзіць да падазроных людзей, распытваць іх ці затрымліваць. Ваша галоўная задача – хутка і бяспечна перадаць інфармацыю спецыялістам”, – кажа міліцыя, сцвярджаючы, што бяспека роднага краю залежыць ад кожнага.
Паколькі вучэнні павінны скончыцца 13 лістапада, падобная абвестка выглядае, мякка кажучы, несвоечасова. Было б больш адэкватна, калі б яе далі хаця б месяц таму. А так падаецца, што напрыканцы вучэнняў раптам успомнілі пра магчымых дыверсантаў, і каб праявіць паказную пільнасць тэрмінова паведамляюць пра паляванне на іх праз мясцовую газету.
Фотаздымак: Інстаграм krichev_live
