У Быхаўскім райвыканкаме заявілі, што заўвагі, якія ёсць па новай скульптуры жанчыны з хлопчыкам, будуць ліквідаваны да канца тыдня.
Нагадаем, у Быхаве днямі адкрылі скульптурную кампазіцыю «Жанчыне-маці» да Года беларускай жанчыны: маці і сын у сялянскім адзенні пачатку XX стагоддзя, высечаныя з аднаго гранітнага блока. Магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў зрабіў жанчыну з ненатуральна вывернутай шыяй, перакошаным тварам і хлопчыка, які са спачуваннем глядзіць на маці.
Мясцовыя ўлады прызналі, што да скульптуры ёсць заўвагі. “Ёсць вялікія заўвагі, і да канца гэтага тыдня яны будуць ліквідаваны. Мы з мастаком перагаварылі. Ну атрымалася такая сітуацыя, скажам так, не зусім карэктная…” – заявіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саксонаў.
Паводле яго, разам са скульптарам яны выязджалі да скульптуры, “паказалі на ўсе гэтыя недапрацоўкі, якія не адпавядаюць, таму да канца тыдня ён павінен выправіць усе”.
Цікава, што сам Мінькоў паказвае сябе пакрыўджаным за такое непрыняццё людзьмі яго “творчасці”. Ён раіць тым, каму не падабаецца справа яго рук, самім зрабіць скультуру. “Вазьміце ў рукі кувалду і зубіла, а праз месяц з сямі тон граніту зрабіце дзве тоны. Паглядзім, што ў вас атрымаецца, і гэта ўсё не за грошы. Зрабіў падарунак гораду, а цябе паліваюць. Усе грошы сышлі на матэрыялы і падаткі” – скардзіцца аўтар скультуры.
Фотаздымак: bykhov.by
