У бабруйскай сінагозе плануюць выставіць фрагмент Торы, які ад пачатку 40-х гадоў ХХ стагоддзя быў адваротным бокам партрэту нямецкай жанчыны.
Гісторыя пачалася з ліста нямецкага лекара ў яўрэйскі цэнтр «Хабад» у Мюнхене. Мужчына распавёў, што пасля смерці бацькоў атрымаў у спадчыну партрэт сваёй маці, на адваротным баку якога заўважыў незразумелыя надпісы.
Яго бацька з жніўня 1941-га па жнівень 1943 года служыў пісарам у нямецкай палявой камендатуры № 581 у Бабруйску. Паводле сямейных успамінаў, партрэт жонкі яму намаляваў палонны рускі мастак. Толькі нядаўна спадчыннік высветліў, што надпісы на адваротным баку карціны зроблены на іўрыце.
Рабін Ёханан Гордан, які агледзеў партрэт, адразу пазнаў фрагмент Торы. Высветлілася, што мастак выкарыстаў замест палатна кавалак пергаменту, выразаны са свяшчэннага скрутка.
Пры якіх абставінах пергамент трапіў да мастака, невядома. Магчыма, яго спецыяльна выразалі з Торы, а магчыма, скарысталіся ўжо пашкоджаным фрагментам.
Падчас акупацыі нацысты знішчалі не толькі яўрэйскае насельніцтва, але і рэлігійныя святыні. Скруткі Торы нярэдка рэзалі на кавалкі, а пергамент выкарыстоўвалі для вырабу розных рэчаў. Даведаўшыся пра паходжанне партрэта, нямецкі лекар вырашыў вярнуць фрагмент Торы яўрэйскай супольнасці Бабруйска.
Праз мюнхенскі «Хабад» ён звязаўся з рабінам Ёхананам Горданам, які, у сваю чаргу, знайшоў рабіна бабруйскай супольнасці Шаўла Хабаба. Перадача адбылася ў Нью-Ёрку падчас міжнароднай канферэнцыі пасланнікаў руху «Хабад-Любавіч», куды прыехалі абодва рабіны.

Перш чым вызначыць далейшы лёс знаходкі, яны параіліся з рэлігійнымі аўтарытэтамі. Паводле яўрэйскага закону, нават пашкоджаныя фрагменты Торы захоўваюць святасць і звычайна павінны быць пахаваныя адпаведным чынам. Аднак існуе выключэнне для прадметаў, знявечаных нацыстамі: іх можна выстаўляць у музеях як сведчанні злачынстваў супраць яўрэйскай культуры і рэлігіі.
Таму фрагмент Торы вырашылі размясціць у Музеі яўрэйскай духоўнай спадчыны Беларусі, які дзейнічае ў гістарычнай бабруйскай сінагозе. Там ён будзе знаходзіцца побач з цэлым скруткам Торы, таксама выратаваным ад нацыстаў.
Фотаздымак: chabad.org
