Цэлы самавольны некропаль хатніх жывёл знайшлі усяго ў ста метрах ад жылой забудовы мікрараёна Заходні ў Бабруйску.
Звычайны сямейны шпацыр па лесе на ўскрайку Бабруйска скончыўся нечаканым адкрыццём. Сярод дрэў мясцовыя жыхары натрапілі на сапраўдныя могілкі хатніх гадаванцаў з крыжамі, агароджамі, вянкамі і нават гранітнымі помнікамі.
Мяркуючы па колькасці пахаванняў, гэты самадзейны некропаль існуе ўжо не першы год і паступова разрастаецца. Лясная паляна літаральна ўсеяная магіламі, абнесенымі пластыкавымі і металічнымі агароджамі. На некаторых стаяць крыжы, побач ляжаць штучныя кветкі і вянкі. Ёсць нават гранітныя надмагіллі. Усё амаль як на звычайных могілках, толькі пахаваныя тут не людзі, а іх чатырохногія сябры.
Аднак такое ўшанаванне памяці жывёл спадабалася далёка не ўсім. Бабруйчанін, які даслаў фотаздымкі незвычайнага некропаля, абурыўся тым, што лес паступова ператвараецца ў склад пластыку, металу і іншых штучных матэрыялаў.
“Ну хочаце вы пахаваць сваю жывёлу – пасадзіце на гэтым месцы дрэва! І прыродзе зробіце добра, і сабе арыенцір назаўсёды пакінеце. Я проста здзіўлены, як нашы людзі любяць усялякае смецце ў лес насіць. Тут штрафаваць трэба па поўнай!” – выказаўся ён.
Разам з тым, паводле беларускіх санітарных і ветэрынарных патрабаванняў, хаваць памерлых хатніх жывёл у лясах, парках, дварах і іншых непрыстасаваных месцах забаронена. Іх парэшткі лічацца біялагічнымі адходамі, якія патрабуюць спецыяльнай утылізацыі.
Самавольныя пахаванні могуць ствараць санітарную небяспеку, у тым ліку пагрозу забруджвання глебы і грунтовых вод. За арганізацыю несанкцыянаваных пахаванняў і засмечванне лесу можа наступіць адміністрацыйная адказнасць. У залежнасці ад кваліфікацыі парушэння штраф можа дасягаць 30 базавых велічынь.
Фотаздымак: Onliner
