Уладзімір Усер

У Польшчы памёр абвінавачаны ў шпіянажы актывіст з Бабруйска – што вядома

Актывіст з Бабруйска Уладзімір Усер (Лазараў) памёр у шэлтары ў Беластоку, куды яго адпусцілі са шпіталя чакаць суда. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», у эмігранта з Бабруйска спынілася сэрца. Яму было 69 гадоў.

Уладзімір апошнім часам быў пад следствам па справе аб шпіянажы ў Польшчы. Паводле звестак польскай пракуратуры, трое беларусаў і двое ўкраінцаў з сакавіка 2024 года да лютага 2025‑га супрацоўнічалі з замежнай разведкай і выконвалі розныя заданні, якія атрымлівалі праз Тэлеграм. 

У іх задачы ўваходзіла фатаграфаванне аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і месцаў, важных для бяспекі дзяржавы. Акрамя таго, яны павінны былі развешваць плакаты і маляваць графіці.

Па гэтай справе затрымалі і Усера. Але польскія сілавікі пакінулі яго ў шпіталі з-за дрэннага стану здароўя. Такім чынам, суда ён чакаў на волі.

Яшчэ раней Усер стаў героем прапагандысцкага фільма БТ. Ён зняў некалькі сюжэтаў у Беластоку, якія потым выкарысталі ў агітцы «Чужое неба».

Як сцвярджаюць тыя, хто больш-менш ведаў Уладзіміра, ён быў частым удзельнікам разнастайных апазіцыйных мерапрыемстваў у Бабруйску. 

Скрыншот з прапагандысцкага фільма БТ