На тры гады зняволення з адтэрміноўкай на тры гады асуджана бухгалтар лясгаса Клічаўскага раёна за прысабечванне 17,8 тыс. рублёў выручкі прадпрыемства.
Жанчына ўладкавалася на працу ў адно з лясніцтваў у лістападзе 2022 года. Паводле сваіх службовых абавязкаў яна адказвала ў тым ліку за захаванасць давераных ёй матэрыяльных каштоўнасцяў. Аднак ужо ў лютым 2023 года бухгалтарка пачала выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы зусім не на карысць прадпрыемства.
У праграму бухгалтарскага ўліку яна ўносіла недакладныя звесткі пра колькасць прададзеных пакупнікам дроў і лесаматэрыялаў. Адпаведна, на паперы змяншалася і выручка, якую атрымліваў лясгас. Розніцу паміж рэальнымі паступленнямі і бухгалтарскімі лічбамі жанчына забірала з касы.
Такая схема дзейнічала з лютага 2023-га да жніўня 2025 года. За гэты час бухгалтарка прысабечыла 17,8 тыс. рублёў. Атрымлівалася, што лес прадаваўся, пакупнікі плацілі, але частка грошай да афіцыйнага ўліку прадпрыемства так і не даходзіла.
Калі справа дайшла да суда, 48-гадовая жанчына цалкам прызнала віну і вярнула лясгасу ўсе скрадзеныя сродкі. Суд Клічаўскага раёна, які па такой справе праводзіў выяздное пасяджэнне у будынку лясгаса, прызнаў яе вінаватай у прысваенні даверанай маёмасці ў асабліва буйным памеры.
Ёй прызначылі тры гады пазбаўлення волі, штраф у 3150 рублёў, і пяцігадовую забарону займаць пасады, звязаныя з непасрэдным улікам, захоўваннем і распараджэннем таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Праўда, адпраўляць жанчыну ў калонію адразу не сталі. Суд прымяніў трохгадовую адтэрміноўку выканання асноўнага пакарання.
Фота: mogilev.media
