У Круглянскім раёне вецер зрабіў тое, да чаго чыноўнікі і іх «рэформы» давялі ўжо даўно – разваліў цялятнік у вёсцы Старая Радча. Ад моцных парываў даху і сцен проста не стала. Пад абломкамі апынуліся жывёлы, але, на шчасце, усе 75 цялят выжылі. МНС, працаўнікі фермы і суседзі аператыўна прыбеглі на дапамогу – і вось ужо на відэа ўсё выглядае амаль як геройскі рэпартаж. Але за кадрам застаецца галоўнае пытанне: чаму ў нас ад ветру абвальваюцца будынкі, якія павінны стаяць дзесяцігоддзямі?
На Магілёўшчыне людзі не здзіўляюцца. Бо ведаюць: калі ў дзяржаве ўсё гніе, то пачынаецца не з палітыкі – з фермы. Гніюць дошкі, цвілее цэгла, ржавеюць кроквы, а потым прыходзіць шквал – і ад «моцнага савецкага фундаменту» застаецца стос дошак. І ўсе робяць выгляд, што гэта «стыхія».
Калі паглядзець уважліва, «стыхія» тут жыве даўно – у справаздачах, дзе рамонт адрамантаванага будынка праходзіць пяць разоў запар; у подпісах, дзе кіраўнік раёна зацвярджае «гатоўнасць» да восеньскіх дажджоў; у дакументах, дзе ўсё пад кантролем, толькі каровы пасвяцца паміж руін.
Пасля абвалу чыноўнікі абяцалі «правесці ацэнку наступстваў і пачаць аднаўленне». Гэта гучыць ужо як традыцыйная мантра: спачатку разваліцца, потым ацэнім, потым паабяцаем, потым забудзем. І, можа быць, калі праз год прыедзе праверка, цялятнік ужо будзе «на стадыі ўзнаўлення». На паперы – ў любым выпадку.
Тым часам, людзі з суседніх гаспадарак кажуць проста: «Вецер быў, ды не такі ўжо і страшны. А вось дошкі трухлявыя – дык яны і не вытрымалі». Гэта і ёсць уся формула краіны. Бо калі ў нас кожны аб’ект будуецца, як тэлеграм-канал – хутка, танна і для справаздачы – то чаго чакаць ад ураганаў?
Вецер толькі паказаў тое, што даўно прагніло. Не толькі сцены – сістэму, у якой уся адказнасць заканчваецца на слове «стыхія». Бо так зручна: не трэба шукаць вінаватых, не трэба глядзець у смету, не трэба ўспамінаць, хто падпісаў акт прыёмкі. Проста сказаць: «прырода вінаватая».
Можа, гэты шквал – не пра надвор’е, а пра сімвал. Бо, калі дзяржава будуе ўсё на гнілых падпорках, то першы ж моцны парыў – і абваліцца не толькі цялятнік. І тады не застанецца ні герояў, ні цялят, толькі голае поле і чарговая справаздача, што ўсё «ў межах нормы».
Якуб Ясінскі
 
			