Паквапіўся на вялікія грошы, пайшоў забіваць украінцаў і ўжо больш за паўгода знаходзіцца ва ўкраінскім палоне. Такая гісторыя 53-гадовага бабруйчаніна Сяргея Тарасава.
Жыхар Бабруйску выпадкова сустрэўся з былымі баевікамі групы Вагнера ў маскоўскай саўне. “Пазнаёміўся з людзьмі ў Маскве, у саўне, можна сказаць. І яны мяне падштурхнулі падпісаць кантракт. Сядзелі, выпівалі, яны расказвалі пра баявыя справы. Яны ўжо былі. Адзін быў з ПВК Вагнэра. Вось ён мяне, хутчэй за ўсё, больш падштурхнуў” – распавёў тэлеканалу “Вот так” цяперашні ваеннапалонны.
Паводле яго, кантракт падпісалі ў Смаленску. Сваё рашэнне пайсці забіваць украінцаў тлумачыць, па-першае, настальгіяй па СССР, бо для яго “Расея, Беларусь – адна краіна, таксама і Украіна – адна краіна”, а па-другое, жаданнем атрымаць вялікія грошы, а менавіта тры мільёны семсот расійскіх рублёў.
Вайсковую падрыхтоўку Тарасаў прайшоў у Варонежы, а потым быў купянскі кірунак у складзе 1-й танкавай арміі. Аднак абяцаныя грошы Сяргей атрымаць не паспеў, бо ў жніўні 2025 года яго ўзялі ў палон ваяры Расейскага добраахвотніцкага корпусу. Цяпер ён спадзяецца, што яго абмяняюць улады Беларусі.
«Мяркую, Аляксандр Рыгоравіч не супраць быў бы нас вярнуць дадому. Я не ведаю, як гэтая працэдура наагул адбываецца, і ўлады, я не ведаю, як яны вырашаюць. Думаю, хутчэй за ўсё, магчымы такі варыянт», – марыць расійскі наёмнік з Бабруйску.
Ва ўкраінскім палоне ён працуе ў цэху, жыве ў пакоі на восем чалавек, мае сталы доступ у душ, бібліятэку, царкву і вялікую сталоўку.
Паводле выдання, украінскі бок сцвярджае, што ўмовы для ваеннапалонных адпавядаюць міжнароднаму гуманітарнаму праву, а беларусы ды іншыя замежнікі ў расейскай арміі юрыдычна лічацца вайскоўцамі Расіі. Некаторыя беларусы застаюцца ў лагеры ўжо некалькі гадоў. Яны чакаюць, што расійскі бок унясе іх у спісы на абмен. Пры гэтым Украіна афіцыйных запытаў пра іх ад Крамля не атрымлівала.
Фотаздымак: “Вот так”


