У Магілёве ў чарговы раз сустрэліся старыя і новыя камсамольцы. Яны і падпісалі чарговы план сумесных дзеянняў.
Абласное аб’яднанне прафсаюзаў, арганізацыя ветэранаў і БРСМ падпісалі план сумесных мерапрыемстваў на 2026 год.
«Падзея» гэта чыста ўмоўная: цырымонія праводзіцца штогод і бакі паспелі так добра вывучыць адзін аднаго, што падпісваюць дакумент не гледзячы. Тым не менш, план урачыста замацаваў тое, што і без яго было відавочна: людзі, якія выраслі ў адной сістэме каардынат, працягваюць працаваць у ёй жа.
Анатоль Глаз, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў, вядомы сваёй шчырай любоўю да працы на беларускай зямлі. Хоць гэтая зямля для яго ўсё жыццё была дзесьці там, за акном райкама, абкама і наступнага абкама.
Алег Бойка, першы сакратар абласнога камітэта БРСМ – дакладная копія, малады дубль Анатоля Глаза.
Чалавек, які нібыта матэрыялізаваўся адразу ў байцоўцы і з тэчкай пад пахай. Адкуль ён узяўся – гісторыя маўчыць, затое куды рухаецца – абсалютна зразумела. Нідзе, акрамя структур з прыстаўкай «кам», заўважаны не быў.
У падпісаным плане ёсць усё неабходнае:
- патрыятычныя акцыі;
- велапрабегі;
- ушанаванне працоўных дынастый;
- і чамусьці «кветнікі каля жылых дамоў».
Першы сакратар Бойка запэўніў, што пагадненне «арыентавана на канкрэтныя вынікі». Якія менавіта – не ведае ніхто, уключаючы яго самога.
Фота “Могилевские ведомости”.
