Люты

Ужо і ўкраінскія дроны лятаюць над Магілёўшчынай

Неба над Магілёўскай вобласцю цяпер стала хабам для ўкраінскіх ударных дронаў, якія ляцяць руйнаваць расійскую нафтавую інфраструктуры каля Санкт-Пецярбурга.

Памежныя раёны Беларусі ўсё часцей аказваюцца ў эпіцэнтры паветранай вайны. Расійскія маніторынгавыя каналы сцвярджаюць, што ўкраінскія ўдарныя беспілотнікі выкарыстоўваюць неба над Магілёўскай вобласцю як частку маршруту пры атаках на аб’екты ў глыбіні Расіі.

Паводле гэтых паведамленняў, дроны заходзяць з украінскага боку праз Бранскую вобласць і далей рухаюцца ў напрамку Смаленскай. Аднак іх траекторыя не абмяжоўваецца выключна расійскай тэрыторыяй, і беспілотнікі перыядычна заходзяць у паветраную прастору Беларусі.

Як тлумачыць Z-канал «Беларускі сілавік», прычына ў геаграфіі. Магілёўская вобласць утварае своеасаблівы выступ паміж Бранскай і Смаленскай абласцямі, што дазваляе пракласці больш кароткі маршрут. Замест таго каб аблятаць гэты «клін», дроны рухаюцца па прамой, фактычна «разразаючы» мяжу і некалькі разоў перасякаючы яе.

Такім чынам, гаворка ідзе не пра выпадковыя інцыдэнты, а пра сістэмнае выкарыстанне асаблівасцяў мяжы для аптымізацыі палётаў. Гэта, верагодна, дазваляе не толькі эканоміць час, але і ўскладняе працу сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Падобная сітуацыя назіраецца і на поўдні краіны. У Гомельскай вобласці, дзе мяжуюць адразу некалькі ўкраінскіх рэгіёнаў і Бранская вобласць Расіі, таксама фіксуецца актыўны рух беспілотнікаў. Складаная канфігурацыя межаў стварае ўмовы, пры якіх дроны могуць свабодна манеўраваць паміж тэрыторыямі.

У памежжы, паводле назіранняў, фактычна сфармавалася зона пастаяннай дронавай актыўнасці. Мясцовыя жыхары і назіральнікі адзначаюць, што ў небе можна ўбачыць розныя тыпы апаратаў, сярод якіх як расійскія «Герані», так і ўкраінскія «Лютыя». Пры гэтым сітуацыя ўскладняецца тым, што ў цёмны час сутак адрозніць прыналежнасць беспілотніка практычна немагчыма. 

Фотаздымак: ТГ “Беларускі сілавік”

← Усе навіны Магілёва