коптево

Горацкую “Копцеўскую ніву” чакае год самастойнай працы

Да гаспадаркі “Копцеўская ніва” ў 2021 годзе чыноўнікі далучылі племзавод “Леніна”, давялі прадпрыемства “да ручкі”, а цяпер будуць глядзець, як сяльчане выкруцяцца.

У 2021 годзе “Копцеўская ніва” была перадавіком жывёлагадоўчай вытворчасці. Чыноўнікі, гледзячы на яго поспехі, прынялі “добра прадуманае” і “пралічанае да дробязяў” рашэнне далучыць да яго яшчэ племзавод. Праз пэўны час паказчыкі пайшлі ўніз, бо не была прадумана ні лагістыка, ні ўзаемадзеянне. У гэтым годзе нават кармоў для жывёлы не хапала, вынікае з рэпартажа СТБ. 

Чыноўнікі, як раённыя, так і абласныя, зноў крэатывяць – цяпер яны хочуць адлучыць “Копцеўскую ніву” ад “Леніна” і далучыць да больш блізкай тэрытарыяльна гаспадаркі “Горы”.  

Праўда, працаўнікі “Копцеўскай нівы” не пагадзіліся з такімі планамі і вельмі просяць пакінуць ім самастойнасць. Яны нават распрацавалі ўласны бізнес-план, пра які ўжо пісалі “Магілёў.media”. 

У гаспадарцы ўжо прайшло два сходы, прычым на абодвух прысутнічаў старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай Арлёнак, які пагадзіўся даць людзям магчымасць год працаваць самастойна. “Да ўсіх спецыялістаў усіх сфер звяртаюся – страпяніцеся і пачніце працаваць, каб у гаспадарцы быў парадак” – пераклаў ён чыноўніцкую віну ў праблемах гаспадаркі на яе працаўнікоў. 

Скрыншот СТБ