Акварель Могилев

Унікальны малюнак Магілёва ХІХ стагоддзя быў прададзены на маскоўскім аўкцыёне

Стала вядома пра продаж на аўкцыёне “Літфонд” у Маскве арыгінальнага малюнка з відам Магілёва 1822 года. Навіной пра гэта падзяліўся вядомы магілёўскі калекцыянер і краязнавец Алег Давід Лісоўскі.

Упершыню гэты акварэльны малюнак стаў вядомы восем гадоў таму, калі ён з’явіўся на адным з амерыканскіх аўкцыёнаў. “Акварэль была ўнікальная сваім ракурсам, які дапамог удакладніць канфігурацыю замкавых умацаванняў.” – адзначае Лісоўскі. На малюнку на пярэднім плане выяўлены спуск з Замкавай гары ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца прыступкі бакавога спуска з парка Горкага да Быхаўскага рынку. Выяўлены на акварэлі вал дэманструе рэальныя памеры і структуру старажытнага магілёўскага замка ў гэтым месцы.

Акварэль невядомага мастака “Від горада Магілёва” была прададзеная 9 кастрычніка 2025 года ў аўкцыённым доме “Літфонд”. Канчатковы кошт пакупкі не паведамляецца на афіцыйным сайце, але крыніцы mogilev.media са спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў аўкцыённага дома адзначаюць, што кошт малюнка аказаўся параўнальна невысокім для падобнай унікальнай выявы – усяго некалькі соцень еўра ў эквіваленце.