Казкі магілёўскіх чыноўнікаў пра тысячы кіламетраў адрамантаваных дарог супярэчаць сведчанням з месцаў.
Міфы і легенды пра беларускую рэчаіснасць рэзка адрозніваюцца ад сапраўднага становішча спраў.
Вось так выглядае рамонт дарог у Быхаўскім раёне паводле версіі раённай газеты, якая складае небыліцы і канвеерным метадам выпускае пастановачныя пацёмкінскія вёскі.

А вось адзін з карыстальнікаў “Тык-Току” паказаў жорсткую праўду.
Гаворка ідзе пра дарогу, якая праходзіць праз вёску Праточнае Быхаўскага раёна.

Па ёй возяць пясок з кар’ера ў Быхаў, і назваць гэта дарогай можа толькі вельмі вялікі аптыміст.
Чалавек, які зняў відэа, пытаецца: каму скардзіцца? Пытанне з падвохам.
Скаргі такога кшталту разглядаюцца бандай чыноўнікаў, што захапіла ўладу ў краіне, як экстрэмізм.
Дарэчы, акаўнт “Тык-Ток” mogilev.media таксама ўжо прызнаны экстрэмісцкім.
Улады бачаць пагрозу нават у двух літарах “М” на блакітным фоне.
З аднаго боку, гэта можа пацешыць ганарлівасць журналістаў нашага партала, але з іншага – асабліва радавацца няма чаму.
Адзін вядомы чалавек некалі сказаў: незалежная прэса патрэбная таму, што не дае ўладзе аскацініцца. У Магілёўскай вобласці незалежная прэса знішчаная. Адпаведна, аскацініванне ідзе ўдарнымі тэмпамі.
Фота: скрыншот відэа.