Магілёўскі абласны суд нагадаў аб міжнародных пактах аб правах чалавека. Пры гэтым забыўся ўказаць, што Беларусь ніколі не лічыла іх выкананнне абавязковым для сябе.
Выбарчая памяць
Сёння Магілёўскі аблсуд у сваім тэлеграм-канале ўспомніў пра 16 снежня. Гэтая дата традыцыйна адзначаецца як ключавая ў гісторыі глабальнай абароны правоў чалавека: у гэты дзень у 1966 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла два міжнародныя пакты – аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Гэтыя дакументы сапраўды з’яўляюцца краевугольным каменем сучаснага міжнароднага права і разам з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека 1948 года фармуюць міжнародны Біль аб правах чалавека – прававую базу, якой павінны прытрымлівацца дзяржавы-ўдзельніцы.
Калі дэкларацыя 1948 года была ў асноўным маральным арыентуючым прынцыпам, то пакты 1966 года зрабілі правы чалавека юрыдычна абавязковымі нормамі: дзяржавы, што іх ратыфікавалі, абавязаліся прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з гэтымі нормамі і добрасумленна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы ў рамках міжнародных працэдур.
“Беларусь ратыфікавала абодва Міжнародныя пакты аб правах чалавека на этапе існавання Савецкага Саюза. Гэтыя міжнародныя абавязацельствы сталі адным з прававых падмуркаў, на якіх будаваўся раздзел аб правах і свабодах чалавека ў першай Канстытуцыі незалежнай Рэспублікі Беларусь” – ганарліва заяўляе Магілёўскі аблсуд.
Аднак, выкананне міжнародных абавязацельстваў не абмяжоўваецца толькі наяўнасцю тэксту ў Канстытуцыі або кодэксе – яно патрабуе рэальнага захавання гэтых норм у паўсядзённым жыцці людзей і падсправаздачнасці перад міжнароднымі механізмамі.
Беларусь: ратыфікацыя без выканання
Беларусь сапраўды ратыфікавала абодва міжнародныя пакты аб правах чалавека. Гэтыя пакты былі ўключаны ў прававую архітэктуру краіны пасля атрымання незалежнасці, і на паперы служылі падмуркам для падзелу аб правах і свабодах чалавека ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Але на справе, Беларусь з 1996 года робіць усё, каб не выконваць гэтыя важныя дакументы па абароне правоў чалавека. Да прыкладу, Беларусь ніколі не прыслухоўвалася да меркаванняў Камітэта па правах чалавека ААН, якія прымаліся менавіта на падставе парушэння беларускімі ўладамі, у прыватнасці, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Колькасць такіх фактаў даўно пераваліла за сотню.
Аднак, цяпер іх колькасць расці не будзе. Беларусь у 2022 годзе дэнансавала першы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – механізм, які прадугледжвае доступ грамадзян да працэдуры індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН. І з 2023 года грамадзяне Беларусі аказаліся пазбаўленыя магчымасці разгляду парушэнняў іх правоў у гэтым Камітэце.
Гэта значыць, што беларускія ўлады адмовіліся ад адной з ключавых міжнародных працэдур падсправаздачнасці, праз якую рэальныя пацярпелыя могуць атрымаць незалежную ацэнку сваіх правоў і свабод.
Парушэнне прынцыпу pacta sunt servanda
У міжнародным праве ёсць фундаментальны прынцып: pacta sunt servanda – дагаворы павінны выконвацца добрасумленна. Ён зафіксаваны ў артыкуле 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў 1969 года і азначае, што дзяржавы-ўдзельніцы абавязаны выконваць свае дагаворныя абавязацельствы цалкам і добрасумленна.
Пазіцыя Беларусі – што меркаванні Камітэта носяць толькі кансультатыўны характар і таму не з’яўляюцца абавязковымі – канфліктуе з міжнародным правам, паколькі дзяржава добраахвотна прызнала кампетэнцыю Камітэта, удзельнічаючы ў першым Факультатыўным пратаколе. Камітэт сам у General Comment № 33 тлумачыць, што ўдзел у такой працэдуры прадугледжвае не проста абмен думкамі, а добрасумленнае супрацоўніцтва і павагу да фінальных высноў.
Абагульняючы ўсё вышэйпералічанае, хочацца ўказаць на чарговую паўпраўду, якую скармлівае чытачам свайго тэлеграм-канала Магілёўскі абласны суд, спрабуючы адлюстраваць, што дыктатарская дзяржава, дзе растаптаныя правы чалавека, з’яўляецца сучаснай краінай, дзе яны нібыта паважаюцца і выконваюцца. Паўпраўда, як вядома, горшая за хлусню. А поўная праўда ў тым, што ўлады Беларусі наогул не толькі ніяк не ўспрымаюць тое, што было прынята 16 снежня 1966 года, але і ўсяляк імкнуцца нівеляваць значэнне тых дакументаў у жыцці простых беларусаў.
Фотаздымак: Магілёўскі аблсуд