Дзень у гісторыі. 17 снежня. Варвараўская свечка ў Басценавічах

Міжнародны дзень абароны секс-працаўніц ад гвалту і жорсткасці (International Day to End Violence Against Sex Workers, з 2003 года)

Закліканы звярнуць увагу грамадства на праблемы, звязаныя з жорсткасцю і гвалтам, якім нярэдка падвяргаюцца работнікі сферы сэксуальных паслуг.

Абыякавасць да праблем работнікаў гэтай сферы выклікана своеасаблівай філасофіяй “яны самі выбралі свой лёс і атрымалі па заслугах”. Прыкладам падобнага ханжаскага светапогляду, можна прывесці некаторыя выказванні на інтэрнэт-парталах нават пасля пажару ў клубе расійскай Пермі, сутнасць якіх зводзілася да таго, што “нармальныя людзі па начных клубах не ходзяць”.

У Еўрапейскім саюзе Міжнародны камітэт па правах сэкс-работнікаў, з 2005 года выкарыстоўвае чырвоны парасон як сімвал супраціўлення дыскрымінацыі сэкс-работнікаў. Традыцыйнымі сталі «Маршы чырвоных парасонаў».

Чырвоны парасон

Дзень беларускага кіно. 

У гэты дзень у 1924 годзе было ўтворана прафесійнае аб’яднанне беларускіх кінематаграфістаў і фатографаў “Белдзяржкіно”, якое было перайменавана ў “Савецкая Беларусь”. Дзейнічала да пераезда ў Мінск у 1939 годзе ў Ленінградзе. Першым фільмам аб’яднання стала драма “Лясная быль” (1926) – аб гісторыі барацьбы беларусаў з палякамі. Фільм зняў ураджэнец Полацка, заснавальнік беларускага кіно рэжысёр Юрый Тарыч.

У даваенны час на студыі створаны некалькі дзясяткаў мастацкіх фільмаў, у тым ліку “Кастусь Каліноўскі” (1928), “Гатэль “Савой” (1930), “Палескія рабінзоны” (1935).

Студыя аднавіла сваю працу ў 1946 годе і атрымала сваю сучасную назву – “Беларусьфільм”. Выпускае фільмы мастацкія і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакументальныя і навукова-папулярныя, анімацыйныя.

Многія фільмы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнародных кінафестывалях.

У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў. Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра.

Беларускае кино

Варвараўская свечка ў Басценавічах.

У ноч з 16 на 17 снежня ў вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна праходзіць унікальны абрад шанавання “Варвараўскай свечкі”. У 2011 годзе абрад унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Першапрычыну ўзнікнення традыцыі ўшанавання аброчнай свячы сённяшняе пакаленне вяскоўцаў ужо не памятае. Пасляваенная гісторыя пераходаў свячы з хаты ў хату добра вядома ўсім жыхарам Басценавіч. Па словах вясковых жанчын, гісторыя той свячы, якая сёння перадаецца ў супольнасці, вядомая з 1905 года.

Вакол аброчнай свячы сфарміраваўся своеасаблівы саюз жанчын – прадстаўніц розных сем’яў, часцей за ўсё сталага і сярэдняга ўзросту, якія далучыліся да абраду, каб праз аброк свячы пазбавіцца кожная свайго асабістага гора ці няшчасця. З году ў год свяча пераходзіць з хаты ў хату, ад адной гаспадыні да другой. Паслядоўнаць чаргавання не парушаецца дзесяцігоддзямі. Жанчыны наперад ведаюць, праз некаторы час шаноўная «госця» вернецца «на кругі свае» і зноўку стане надзейным абярэгам для хаты, гаспадаркі, а найперш, для сям’і.

Варваринская свеча Бастеновичи

Дзень Варвары, Барбары (народны каляндар). «Мікола і Варвара ноч урвалі».

Кліча Варвару Спірыдон (25 снежня): “Ты б, Варвара, дня наддала!»

Варвара не прымусіць доўга чакаць, з ледзяной імглой, з сонечнай ніткай да Спірыдона на парог, а з парога – ды ў чырвоны кут.

Зорнае неба – да халадоў, да цяпла – цьмянае, сляпое.

На Барбару заход чырвоны – дзень будзе ясны, заход у аблоках – чакай снягі.

На Барбару зіма дарогу заварыць, масты замасціць.

Трашчыць Варуха, беражы нос і вуха.

Варвара масціць, Сава цвікі вострыць, Мікола прыбівае.

Да гэтага дня становіцца як быццам крыху святлей, і бабулькі кажуць: “Варвара ад ночы ўкрала, ды да дня дадала”.

1790 год. У Мексіцы знойдзены  вялізны базальтавы дыск з легендарным ацтэкскім календаром. 

Ён быў знойдзены пры раскопках гісторыкам Антоніа дэ Леон-і-Гама. Мае дыяметр 3,66 м, вагу 24 тоны.

У цэнтры дыска з разьбянымі выявамі намалявана аблічча бога Сонца Танатыу. Навуковец ведаў пра дыск толькі па апісаннях у старажытных дакументах. Калі ён апублікаваў аб гэтым паведамленне, іспанскае духавенства высмеяла даследчыка. Служыцелі царквы былі ўпэўненыя, што камень – проста ахвярны алтар, а складаныя малюнкі і арнаменты – чыста дэкаратыўныя.

Гіпотэза вучонага падцвердзілася толькі праз 20 гадоў, калі ў Мексіку прыбыў Гумбальта. Ён не толькі пацвердзіў меркаванне Леон-і-Гама аб тым, што восем трыкутнікаў-“прамянёў”, якія ідуць ад цэнтра, азначаюць дзяленне часовых адзінак, але і выявіў шмат сімвалаў, якімі ацтэкі пазначалі свае 18-дзённыя месяцы. Аснову ацтэкскага календара складаў 52-гадовы цыкл – спалучэнне 260-дзённай рытуальнай паслядоўнасці, якая складалася з камбінацыі тыднёвага (13 дзён) і месячнага (20 дзён) цыклаў, з сонечным або 3 дзённым годам (18-20-дзённых месяцаў і 5 так званых нешчаслівых дзён). Цяпер Камень Сонца захоўваецца ў музеі антрапалогіі.

ацтекский календарь

1908 год. Адбыўся Гудагайскі землятрус. 

Пра гэта здарэнне напісаў невядомы аўтар у “Нашай Ніве” ў студзені 1909 года: “17 снежня а пятай гадзіне зрання, яшчэ было цёмна, жонку арандатара фальварку Сяржанты разбудзіў страшэнны гром. Звінела шкло ў вокнах і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё сціхла. Хутка прыбег гаспадар, што быў пры скаціне ў хляве, і таксама расказаў, што і ён чуў гул: быццам бы гром праляцеў па небе, і зямля задрыжэла, і жывёлы падалі на калені. Выбегшы з хлява, ён убачыў недалёка быццам роў глыбокі, куторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўздоўж з Поўначы на Паўднёвы Усход.

Думаюць, што гэта водгалас таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэты землятрус, як кажуць, адазваўся ў некалькіх месцах Віленскай губерні”.

У раёне землятрусу ў 2013-2020 гадах пабудавана Беларуская АЭС. 

1919 год. Канец свету, якога многія чакалі не адбыўся. 

Сейсмолаг і метэаролаг з Сан-Францыска Альберт Порта ўпершыню прадказаў на гэты дзень канец свету ў сувязі з так званым парадам планет, калі шэсць планет Сонечнай сістэмы павінны былі выстраіцца па ўмоўнай прамой лініі.

Паводле прадказальніка, магутная магнітная віхура павінна была выклікаць выбліскі на Сонцы, у полымі якіх згарыць усё жывое на Зямлі. Па ўсім свеце была адзначана масавая істэрыя і шматлікія самагубствы.

конец света

1934 год. Праз 16 дзён пасля забойства С.М. Кірава, ленінградскі завод “Чырвоны пуцілавец” перайменаваны ў Кіраўскі. Пачалася чарада перайменаванняў па ўсяму СССР. 

У Магілёве і раённых цэнтрах з’явіліся вуліцы Кірава, магілёўскі паселак імя Кірава, на тэрыторыі якога ў 1935 годзе пачаў працаваць завод імя Кірава, Качарычы перайменаваная ў пасёлак Кірава – сённяшні горад Кіраўск і раённы цэнтр Магілёўскай вобласці.

1926 год. У СССР пачаўся Першы Ўсесаюзны перапіс насельніцтва.

У перапісным лістку акрамя губерні, вобласці, акругі стаяла і такая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка як кантон. 

Згодна з перапісам насельніцтва БССР склала 4 мільёны 986 тысяч чалавек. У гарадах жыла  848 000 (17%), у сельскай мясцовасці – 4 138 000 (83%). 

Насельніцтва па гарадах і мястэчках (тысяч чалавек), якія зараз уваходзяць у склад Магілёўскай вобласці: 

Бабруйск – 51,3, 

Магілёў – 50,2, 

Быхаў – 11,9, 

Мсціслаў – 8,0, 

Шклоў – 7,4, 

Клімавічы – 7,0, 

Горкі – 6,7, 

Чавусы – 5,8,  

Крычаў – 5,6, 

Чэрыкаў – 5,0, 

Асіповічы – 4,0, 

Глуск – 4,0, 

Прапойск (Слаўгарад) – 3,7, 

Краснаполле – 3,5,  

Хоцімск – 2,9, 

Касцюковічы – 2,7, 

Бялынічы – 2,4, 

Клічаў – 1,7, 

Круглае – 1,6, 

Дрыбін – 0,9.

Перепись 1926

1936 год. Нарадзіўся Францыск I (Хорхе Марыё Бергольё). 

266-ы Папа рымскі. Першы ў гісторыі папа з Новага Свету і першы за больш за 1200 гадоў папа не з Еўропы, першы папа-езуіт. Абраны 13 сакавіка 2013 года, памёр у 2025 годзе.

Нарадзіўся ў Буэнас-Айрэсе. Па адукацыі хімік-тэхнолаг. Вольна размаўляе на іспанскай, італьянскай і нямецкай мовах. У 1969 годзе пасвечаны ў святары. У 2011 годзе стаў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

У лютым 2016 года Францыск сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Такога ўзроўню сустрэча стала першай за ўсю гісторыю цэркваў.

Францыск стаў першым Папам Рымскім, ад імя якога 11 кастрычніка 2013 года ў Беларусь быў перададзены дакумент на беларускай мове, які ўяўляе сабой падзяку Ядвізе Пастарнак, жыхарцы в. Муляры (Вілейскі раён), за служэнне Касцёлу. Дакумент быў урачыста перададзены Апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Клаўдзіа Гуджэроці.

Францыск асабіста хадайнічаў аб вызваленні беларускіх палітвязняў Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Мікалая Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова.

Франциск 1

1970 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена заслужанай настаўніцы Алене Казлоўскай, Героям Савецкага Саюза генерал-маёру Мікалаю Каралёву, генерал-лейтэнанту Дзмітрыю Смірнову.

А. Казлоўская (1897-1978) скончыла магілёўскі педінстытут, працавала да 1974 года ў школах горада.

Мікалай Каралёў (1906-1972) – ураджэнец в. Амінавічы (зараз Асіповіцкі раён),  адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго імем названа вуліца ў Магілёве, на доме па Першамайскай, 67, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Смірноў Дзмітрый (1901-1975) камандзір 121-га стралковага корпуса 50-й арміі, які вызваляў Магілёў, Шклоў, Быхаў.

 Фота: генера-маёр М. Каралёў

Королев

1988 год. Адбыўся І з’езд Беларускага аб’яднання студэнтаў (БАС). 

БАС – беларуская грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культурнай, асветнай, выдавецкай, турысцкай дзейнасцю. Заснавана ў 1988 годзе.

Гурткі БАС дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША. На некамерцыйнай аснове каля мястэчка Гарадок Беластоцкага павета з 1990 да 2019 года праводзіўся штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

Басовище

2006 год. Памёр Іван Навуменка (1926-2006). 

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнік камсамольскага падполля, партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў, ваяваў у складзе Чырвонай Арміі.

Працаваў ў газетах, часопісе «Маладосць», загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ, дырэктарам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР,  віцэ-прэзідэнт АН БССР, Старшынём Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990).

Аўтар апавяданняў, каля 20 кніг апавяданняў, аповесцей,  раманаў, п’ес, Збора твораў у 6 тамах, літаратуразнаўчых прац пра творчасць Якуба Коласа, пісьменнікаў-дэмакратаў, Янкі Купалы і іншых.

Навуменка

2008 год Міністэрства юстыцыі Беларусі выдала пасведчанне аб рэгістрацыі Руху «За свабоду»

Аб’яднанне грамадзян Беларусі для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў было заснавана ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў кандыдатам у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сіл А. Мілінкевічам. 19 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў рух «За свабоду» рэгістрацыі.

Стратэгічнымі мэтамі аб’яднання былі свабодныя выбары ў краіне, абарона незалежнасці, давядзенне ўзроўню жыцця ў Беларусі да еўрапейскіх стандартаў, з канчатковай мэтай інтэграцыі ў ЕС.

Милинкевич Александр
А. Мілінкевіч

2015 год. Памёр Уладзімір Кастюкоў, легенда магілёўскага «Дняпра»

Былы абаронца і паўабаронца, які амаль усю футбольную кар’еру правёў у магілёўскім “Дняпры”, згуляўшы за клуб каля 300 матчаў. Потым – галоўны трэнер і асістэнт, удзельнік усіх галоўных поспехаў клуба ў незалежнай Беларусі.

З 2018 г. у Магілёве штогод праводзіцца турнір яго памяці, які збірае юнацкія каманды з розных гарадоў.

Костюков